У Менску аб’ём будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай скараціўся ўтрая



У Менску ў студзені-траўні 2017 года арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 3.230 новых кватэр (у студзені-траўні 2016 года — 2.626). Уведзена ў эксплуатацыю 215 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў параўнанні з леташнім аналагічным перыядам павялічыўся на 15,7%. У тым ліку ў траўні пабудавана 25,1 тыс. кв. метраў, што ў 16,8 разу больш, чым у траўні 2016 года і на 47% менш, чым у красавіку 2017-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені-траўні 2017 года ўведзена ў эксплуатацыю 20,4 тыс. кв. м, або 9,5% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 9,5 тыс. кв. м (33,8% ад леташняга паказчыка, або ў тры разы менш); у шматкватэрных жылых дамах — 18,7 тыс. кв. м.

Як паведамлялася раней, сёлета ў Менску плануюць пабудаваць 644 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 160 тыс. — для тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 67 тыс. кв. м будзе пабудавана з дзяржпадтрымкай, 7 тыс. — арэнднага жылля, 45 тыс. — для шматдзетных сем’яў.

Масавае жыллёвае будаўніцтва ў 2017 годзе будзе весціся ў асноўным у раёне вёскі Сухарава, у мікрараёнах Лошыца, Зялёны Бор, на тэрыторыі былых вайсковых часцей (у Масюкоўшчыне, на вуліцы Кабушкіна).

На 1 студзеня 2017 года ў чарзе тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, было 208,5 тыс. сем’яў.

Летась у сталіцы было ўведзена ў строй 777,2 тыс. кв. м жылля, што на 24,9% менш, чым у 2015 годзе.

belapan.by