У Менску адкрыецца СП па разліве малдаўскага каньяку



Сумеснае беларуска-малдаўскае прадпрыемства па разліве малдаўскага брэндзі (каньяку) у Менску плануецца адкрыць у 2018 годзе, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы 11 снежня на беларуска-малдаўскім бізнес-форуме ў Менску.

Паводле яго слоў, беларускі бок зацікаўлены ў арганізацыі сумесных зборачных вытворчасцяй, стварэнні новых прадпрыемстваў у машынабудаванні, супрацоўніцтве ў сферы дарожнага будаўніцтва, трактарабудавання, сельскай гаспадаркі, а таксама вінаробства. „Мяркую, што да канца 2018 года мы ўжо паспрабуем і малдаўскі каньяк беларускага разліву”, — заявіў віцэ-прэм’ер.

„Мы ў асобе кіраўніцтва дзяржорганаў і бізнесу Малдовы бачым надзейных партнёраў. Спад гандлёва-эканамічных адносін, які быў на нейкім этапе, пераламаны. З году ў год мы нарошчваем тэмпы ўзаемнага тавараабароту. Мы ўжо ўпэўнена вымаўляем лічбу ў 200 млн долараў і бачым даволі сур’ёзныя перспектывы ў далейшым па любым кірунку”, — дадаў Русы.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп заявіў, што краіна зацікаўленая ў наладжванні прамых сувязяў паміж эканамічнымі агентамі і дзелавымі коламі дзвюх краін і „будзе і надалей рабіць усё магчымае, каб яны развіваліся”. „Я ўдзячны уладам Беларусі за асаблівае стаўленне да Малдовы. Хачу яшчэ раз сказаць, што Беларусь з’яўляецца адным з сапраўдных і блізкі сяброў Малдовы. Калі мы сутыкаліся з пэўнымі праблемамі і нам было цяжка, Беларусь працягнула нам руку, дапамагла ў тым ліку і ў эканамічным плане. Мы гэтага ніколі не забудзем, за гэта асобна хочам вам сказаць дзякуй”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

„Мы, як прадстаўнікі ўлады, прысутнічаем тут, каб разумець, дзе якія ёсць праблемы і што павінны зрабіць для таго, каб ліквідаваць бар’еры, пабудаваць масты”, — сказаў на заканчэнне Філіп.

belapan.by