У Менску адкрыўся польска-беларускі цэнтр IPO



У Менску пры Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрыўся польска-беларускі цэнтр IPO.

Як паведамляе пасольства Польшчы ў Беларусі, цэнтр адкрыты дзякуючы намаганням Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Задача цэнтра — падрыхтоўка спецыялістаў, якія будуць дапамагаць выхаду беларускіх прадпрыемстваў на міжнародныя рынкі капіталу

Першая праграма павышэння кваліфікацыі спецыялістаў па IPO (эмісія каштоўных папер) з удзелам Варшаўскай фондавай біржы стартавала на базе створанага цэнтра 28 сакавіка.

„Беларускі фондавы рынак робіць першыя крокі, але мы спадзяемся на яго развіццё. Многія сцвярджаюць, што выхад на біржу — гэта найбольш празрысты і цывілізаваны спосаб прыцягнення капіталу на развіццё бізнесу”, — адзначыў дырэктар Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Уладзімір Апанасовіч 28 сакавіка на цырымоніі адкрыцця цэнтра.

Старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі ў сваю чаргу адзначыў, што мемарандум па гэтым пытанні быў падпісаны падчас леташняга візіту ў Менск намесніка прэм’ер-міністра Матэуша Маравецкага.

„Мы гатовыя дапамагчы беларускім партнёрам у прыцягненні сродкаў на развіццё бізнесу і ва ўкараненні самых высокіх стандартаў супрацоўніцтва з інвестарамі. Менавіта на гэта будзе накіраваная праца цэнтра”, — падкрэсліла на адкрыцці дырэктар-кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Ізабэла Альшэўска.

Мяркуецца, што падчас працы цэнтра адбудзецца цыкл лекцый і заняткаў, прысвечаных правілам падрыхтоўкі да эмісіі каштоўных папер, а таксама функцыянаванню фондавага рынку для беларускіх экспертаў. Заняткі правядуць спецыялісты Варшаўскай фондавай біржы.

belapan.by