У Менску адзначана рэкорднае падзенне тавараабароту



У Менску рознічны тавараабарот у студзені 2017 года склаў 823,2 млн рублёў, што на 3,5% менш у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня 2016 года, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы. Гэта рэкорднае падзенне за апошнія два гады.

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыйшлося 89,1% рознічнага тавараабароту горада, склаў 733,3 млн рублёў (на 2,3% менш у супастаўных цэнах).

Падзенне рознічнага тавараабароту ў сталіцы ў гадавым вымярэнні назіраецца з 2016 года. У студзені мінулага года — на 0,8%, студзені—красавіку — на 0,01%, студзені—маі — на 0,5%, студзені—чэрвені — на 0,4%, студзені—ліпені — на 0,8%, студзені—жніўні і студзені—верасні — на 1,5%, студзені—кастрычніку — на 1,8%, студзені—лістападзе — на 2,2%, за 2016 год — на 2,4%. Рост тавараабароту назіраўся толькі ў два перыяды: за студзень—люты — на 1% і студзень—сакавік — на 0,2%.

Эксперты звязваюць падзенне рознічнага тавараабароту з зацяжной рэцэсіяй у эканоміцы, што, у сваю чаргу, вядзе да зніжэння рэальных грашовых даходаў насельніцтва.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў (БСП) Аляксандр Калінін адзначыў у каментары БелаПАН, што лічбы падзення адлюстроўваюць значнае зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва. „Менш зарабляюць — менш трацяць. Калі зарплата будзе расці, то і тавараабарот будзе расці. Калі будзе рост да 500 долараў у эквіваленце, насельніцтва больш актыўна будзе купляць”, — адзначыў Калінін.

Пры гэтым ён звярнуў увагу і на развіццё канкурэнцыі ў рознічным гандлі. „Буйныя сеткі канкурыруюць паміж сабой, канкурыруюць і гандлёвыя цэнтры і прадпрымальнікі ў іх, крамы крокавай даступнасці. Пытанне толькі ў тым, што яны прапаноўваюць шмат, але насельніцтва не можа гэта купіць”, — падкрэсліў кіраўнік бізнес-саюза. Ён таксама адзначыў, што заробак работнікаў прадпрыемстваў гандлю, якія ўваходзяць у БСП, за апошнія тры месяцы не рос і не падаў.

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук таксама адзначае, што ўся эканоміка краіны знаходзіцца ў зацяжной рэцэсіі. „Усе спробы ўладаў выйсці з яе заканчваюцца правалам, бо не вызначаны сапраўдныя прычыны падзення”, — адзначае эксперт.

„Падзенне даходаў насельніцтва і ўслед за імі рознічнага тавараабароту з гэтага і выцякае. Няма эфектыўнай вытворчасці, няма інвестыцый, няма продажу, адпаведна людзі атрымліваюць менш, бо даходы не намалюеш. Падае спажывецкі попыт, людзі пачынаюць разумець, што трэба больш сур’ёзна зацягваць паясы і што „чорныя дні” ўжо наступілі. Нават этап „здаем валюту — купляем тавары” заканчваецца”, — сказаў Раманчук.

На думку сустаршыні Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктара Маргелава, падзенне нават большае, чым гэта паказваюць лічбы афіцыйнай статыстыкі: у доларавым эквіваленце ВУП за два гады скараціўся на 36%. „Думаю, што і тавараабарот упаў значна”, — сказаў Маргелаў.

„Усе ўнутраныя і знешнія фактары паўплывалі на істотнае падзенне спажывецкага попыту. Афіцыйныя лічбы сярэдняй зарплаты ў 400 долараў таксама сумніўныя, адкуль і для каго яны ўзяліся. За два гады нават яе афіцыйнае скарачэнне з 600 долараў не магло не адбіцца на попыце. Гэта як замкнёная сістэма: няма попыту — няма вытворчасці, няма вытворчасці — няма зарплаты і попыту. І цяпер гэтую спіраль раскруціць складана. Прэм’ер-міністр запэўнівае, што штучна попыт раскручваць не будуць, але простых рашэнняў для гэтага няма. Мы павінны стварыць эканоміку, якая будзе запатрабаваная. Каб нашы грамадзяне і зараблялі, і куплялі, што вырабляецца”, — лічыць Маргелаў.

БелаПАН