У Менску прамысловая вытворчасць у студзені-лютым знізілася на 1,9%



У студзені—лютым 2021 года прамысловая вытворчасць у Менску склала 3 млрд 374,2 млн рублёў, што на 1,9% менш, чым у студзені—лютым 2020 года, вынікае са звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.

У студзені 2021 года спад склаў 0,3%.

Па выніках студзеня—лютага спад прамысловай вытворчасці адбыўся ў горназдабыўной прамысловасці на 62,4%, у апрацоўчай — на 2,9%, у тым ліку ў вытворчасці прадуктаў харчавання, напояў і тытунёвых вырабаў — на 0,6%, у вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра — на 13,6%, вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі — на 2%, у вытворчасці вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці — на 4,4%, хімічных прадуктаў — на 21%, гумовых, пластмасавых вырабаў і іншых неметалічных вырабаў — на 19,5%, металургічнай прамысловасці — на 34,3%, у вытворчасці машын і абсталявання — на 3,3%, іншых гатовых вырабаў, у рамонце і мантажы машын і абсталявання — на 5,5%.

Прырост назіраўся ў вытворчасці вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры — на 19,1%, асноўных фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў — на 33,1%, электраабсталявання — на 6,4%, транспартных сродкаў і абсталявання — на 18,3%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — на 1,9%, у водазабеспячэнні, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — на 0,4%.

У 2020 годзе прамысловая вытворчасць у Менску склала 19 млрд 208 млн рублёў, што на 4,4% менш, чым у 2019 годзе.

belapan.by