У Менску зацверджаны новыя тарыфы на камунальныя паслугі



У сталіцы ўстаноўленыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2018 годзе рашэннем Менгарвыканкама № 50 ад 5 студзеня, якое апублікаванае сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сталічныя ўлады ўсталявалі фіксаваныя тарыфы на ЖКП, якія аказваюцца насельніцтву, што субсідаваныя дзяржавай і што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне.

Так, фіксаваны тарыф на паслугі па капітальным рамонце ў шматкватэрным жылым доме, які прадугледжвае поўнае пакрыццё выдаткаў, усталяваны ў 0,5055 рубля (без падатку на дададзены кошт) за 1 кв. м агульнай плошчы нежылога памяшкання ў месяц, субсідаваны — 0,0953 рубля за 1 кв. м.

Фіксаваны тарыф на тэхнічнае абслугоўванне складае 0,1187 рубля (субсідаваны) і 0,1216 рубля (поўнае пакрыццё) за 1 кв. м.

Тарыф на водазабеспячэнне складае 0,8053 і 0,8114 рубля адпаведна за 1 куб. м, на водаадвядзенне — 0,5398 і 0,5398.

Кошт тэхнічнага абслугоўвання ліфта на аднаго жыхара ў месяц складае 1,4 і 1,43 рубля адпаведна.

Акрамя таго, апублікаваным сёння рашэннем Менгарвыканкама № 24 ад 4 студзеня ўстаноўлены нарматыў фактычнага спажывання цеплавой энергіі на лістапад 2017 года: на ацяпленне — 0,0142 Гкал /кв. м, на падагрэў вады — 0,0775 Гкал/куб. м.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі 15 студзеня намеснік старшыні дзяржаб’яднання „Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка” Юлія Сагайдак, у выпадку росту даходаў насельніцтва, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб дадатковым падвышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Чыноўніца сказала, што тарыфы будуць узнятыя ў межах, устаноўленых нядаўна прынятым указам прэзідэнта, — не больш за 10 рублёў для стандартнай двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні жыллёва-камунальных паслуг. „Падвышэнне ў нас адбываецца адзін раз на год. Але ў нас таксама магчымая індэксацыя тарыфаў да чатырох разоў на год. Летась яна праводзілася. Але перад такім рашэннем абавязкова Мінэканомікі, МАРГ вывучаюць рост даходаў насельніцтва. І толькі ва ўвязцы з гэтымі лічбамі могуць прымацца рашэнні аб індэксацыі тарыфаў. Ці будзе гэта ў 2018 годзе, трэба задаваць пытанні МАРГ. Але механізм такі прадугледжаны”, — сказала намеснік кіраўніка аб’яднання.

Паводле БелаПАН

Фота БелаПАН

[manual_related_posts]