У Менску падаражэў праезд у грамадскім транспарце



Адпаведнае рашэнне Менгарвыканкама апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, кошт праезду аўтобусамі, тралейбусамі, трамваямі ў звычайным і хуткасным рэгулярных зносінах павышаны з 0,50 да 0,55 рубля за адну паездку, метрапалітэнам — з 0,55 да 0,60.

Фіксаваныя тарыфы на гарадскія перавозкі ручной паклажы пасажыраў: аўтобусамі, тралейбусамі, трамваямі выраслі таксама на 0,05 рубля да 0,55 рубля за правоз аднаго месца ручной паклажы; метрапалітэнам — да 0,60.

Гранічны максімальны тарыф на гарадскія перавозкі пасажыраў аўтобусамі катэгорыі „М3” у экспрэсных рэгулярных зносінах устаноўлены ў 0,70 рубля за адну паездку.

Таксама павышаныя тарыфы на прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах: гранічныя максімальныя тарыфы ў звычайных рэгулярных зносінах — да 0,06 за адзін кіламетр, у хуткасных рэгулярных зносінах — да 0,08; у экспрэсных рэгулярных зносінах — да 0,09; на дадатковых рэйсах у рэгулярных зносінах — да 0,08.

Рашэнні Менгарвыканкама набылі моц.

Папярэдняе падаражанне праезду было ў снежні 2015 года.