У Наваполацку з’явяцца 5 участкаў свабоднай эканамічнай зоны „Віцебск”



Планы наконт пашырэння свабоднай эканамічнай зоны „Віцебск” за кошт тэрыторый Полацкага раёна і Наваполацка былі агучаныя 21 чэрвеня на нарадзе кіраўнікоў СЭЗ. Неўзабаве ў Наваполацку з’явяцца 5 участкаў СЭЗ „Віцебск”.

Як паведамляе полацкі тэлеканал «Вектар», у новую эканамічную прастору трапіла тэрыторыя завода «Вымяральнік», наваполацкі хлебазавод, частка прамысловай зоны, тэрыторыя Копцева і пасёлка Баравуха. Рэзідэнты гэтых зон змогуць разлічваць на падатковыя і мытныя льготы, а таксама адмысловы спрыяльны прававы рэжым.

Асноўная ўмова для ўступлення ў СЭЗ – рэалізацыя інвестыцыйнага праекта з інвестыцыйным капіталам 500 тысяч еўра пры ўмове ўнясення сродкаў на працягу трох гадоў або 1 мільён еўра. А максімальны пакет ільгот атрымлівае прадпрыемства, якое вырабляе экспартаарыентаваную прадукцыю.

Рэалізацыя новых праектаў дасць магчымасць стварыць у горадзе новыя працоўныя месцы і прыцягнуць дадатковы капітал. Новымі зонамі ўжо зацікавіліся больш за дзясятак мясцовых прадпрымальнікаў.

gorod214.by