У парку „Вялікі камень” створаць цэнтр выпрабаванняў беспілотных аўтамабіляў



Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень” зарэгістравала новага рэзідэнта — ТАА „Міжнародная тэхналагічная кампанія „Інтэлектуальнае абсталяванне”.

Як вынікае з інфармацыі на сайце „Вялікага каменя”, кампанія плануе стварыць у 2018—2020 гадах на тэрыторыі парку буйны навукова-даследчы цэнтр выпрабаванняў беспілотных аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі. Агульная сума інвестыцый па гэтым праекце можа скласці да 50 млн долараў ЗША.

Адміністрацыя „Вялікага каменя” адзначае, што беспілотныя тэхналогіі на сёння з’яўляюцца адной з найбольш перспектыўных галін даследаванняў у сферы штучнага інтэлекту. Асноўнымі перавагамі беспілотнага транспарту, паводле ацэнак экспертаў, стануць значнае зніжэнне затрат на аплату працы, павышэнне эфектыўнасці спажывання паліва, рост аб’ёмаў перавозак, а таксама зніжэнне колькасці аварый на дарогах.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя кірункі развіцця — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Планаваныя рынкі — краіны СНД і Еўразвязу.  БелаПАН