У першым квартале валютная выручка Беларусі скарацілася на 1,5 млрд даляраў



У студзені-сакавіку 2020 года валютная выручка Беларусі знізілася на 15,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Паводле звестак Нацбанка, у першым квартале валютныя паступленні склалі 8.416,2 млн даляраў супраць 9.915,8 млн даляраў за студзень-сакавік мінулага года. Такім чынам, валютныя паступленні знізіліся на 1.499,6 млн даляраў.

Пры гэтым валютныя паступленні ад экспарту паслуг у студзені-сакавіку выраслі на 4,7% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года і склалі 2.248,9 млн даляраў (павялічыліся на 101 млн даляраў).

Валютная выручка ад экспарту тавараў за тры месяцы 2020 года склала 5.950,6 млн даляраў і скарацілася на 1.591,5 млн, або на 21,1%, у параўнанні з аналагічным паказчыкам за студзень—сакавік 2019-га.

Такім чынам, скарачэнне валютнай выручкі сёлета звязанае з экспартам тавараў.

На думку беларускіх эканамістаў, зніжэнне валютных паступленняў ад экспарту тавараў выкліканае сітуацыяй у нафтаперапрацоўцы, якая з’яўляецца экспартна арыентаванай галіной Беларусі.

За першы квартал экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 1,13 млн тон на 527,8 млн даляраў. У фізічным выражэнні экспарт скараціўся на 62,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, у грашовым — на 63,3%.

Паводле звестак канцэрна „Белнафтахім”, у пачатку года загружанасць беларускіх НПЗ сыравінай рэзка знізілася: заводы былі забяспечаныя ёю напалову. Адбылося гэта ў сувязі з тым, што афіцыйны Менск не дамовіўся з расійскімі ўладамі аб умовах куплі вуглевадароднай сыравіны. Як следства, беларускія НПЗ былі вымушаныя ў першым квартале зменшыць экспарт нафтапрадуктаў.

Буйныя нафтавыя кампаніі Расеі адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту ў пачатку года з-за таго, што не былі дасягнутыя дамоўленасці аб цане. Расея адмаўлялася пастаўляць нафту без прэміі. У Менску настойвалі на яе адмене, бо расейская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ. У трэцяй дэкадзе сакавіка, калі сусветныя цэны на нафту істотна знізіліся, бакі дамовіліся, што Расея ўсё-такі будзе пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі.

belapan.by