У Полацку пройдзе серыя Дзён энергетыкі



Серыя Дзён энергетыкі пройдзе ў Полацку з 25 траўня па 25 чэрвеня. Мерапрыемствы будуць праводзіцца напярэдадні Тыдня ўстойлівага энергетычнага развіцця ЕЗ, паведамляе сайт EU Neighbours — east.

Дні энергетыкі ў Полацку арганізуюцца пры падтрымцы фінансаванага ЕЗ праекта PubLiCity. Сярод запланаваных мерапрыемстваў — гарадскі квэст, спартыўныя і акадэмічныя турніры для студэнтаў, архітэктурная летняя школа і анлайн-конкурс.

У прыватнасці з 5 па 18 чэрвеня будзе праводзіцца архітэктурная майстэрня, лекцыя па вертыкальным азеляненні і майстэрня, якая дапаможа стварыць паркінг для ровараў.

Правядзенне Дзён энергетыкі будзе спрыяць асвеце людзей у пытаннях энергаэфектыўнасці і змены клімату.

Полацк стаў першым беларускім горадам, які далучыўся да еўрапейскай ініцыятывы „Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі” і ўзяў на сябе абавязацельствы да 2020 года скараціць выкіды вуглякіслага газу на 20%.

belapan.by