У Польшчы працягваецца прыняцце бюджэту



Камітэт па пытаннях бюджэту і дзяржаўных фінансаў Сената разгледзеў папраўкі ў праект закона аб бюджэце на бягучы год.

Сенатары рэкамендавалі прыняць папраўкі, якія ў асноўным датычацца рэгіянальных інвестыцыяў, звязаных з будаўніцтвам дарог і кальцавых дарог, а таксама падтрымаць шпіталі ды ўстановы культуры.

Камісія рэкамендавала яшчэ павялічыць сродкі на анкалогію і барацьбу са смогам. Намеснік старшыні камісіі Казімір Кляйна паведаміў, што гэта прыярытэтныя справы.

– Для нас ёсць шэраг галоўных паправак. Гэта справа анкалогіі. Мільярд дзевяцьсот дваццаць мільёнаў злотых, сродкі для мясцовых уладаў на заробкі настаўнікаў, бо тут ёсць дэфіцыт на 4.6 мільярда злотых. Таксама папраўкі, звязаныя з барацьбой са смогам. Сёння гэта важная праблема для жыхароў як буйных, так і меншых гарадоў.

Сенацкая меншасць, якая складаецца з сенатараў ад партыі «Права і справядлівасць», накіравала хадайніцтва аб прыняцці праекта бюджэту без паправак, прапанаваных Сенатам.

Супраць паправак выступіла таксама Міністэрства фінансаў. Намеснік міністра Томаш Робачыньскі патлумачыў, што прыняцце паправак негатыўна адаб’ецца на бюджэце гэтага года.

– Калі б увайшлі дадзеныя папраўкі, мы б не змаглі выканаць дадзены бюджэт. У першую чаргу з-за неадпаведных крыніц фінансавання. У якасці галоўнай крыніцы пазначаецца рост даходаў з падаткаў. Мы не бачым такой магчымасці, тым больш, што набліжаецца эканамічнае запаволенне.

Сёння ўвечары папраўкі, прынятыя камітэтам, пойдуць на галасаванне ў Сенат. Калі Сенат прагаласуе за папраўкі, закон аб бюджэце вернецца на разгляд у Сейм.

polskieradio.pl