На парадку дня: адзіны падыход да інтэрнэт-гандлю



У рамках ЕАЭС плануецца распрацаваць адзіныя падыходы да інтэрнэт-гандлю, паведаміла 10 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава.

„Межы адкрытыя, і інтэрнэт-гандаль не мае межаў, таму ЕЭК пачала распрацоўку адзіных падыходаў. Беларусь зрабіла шэраг прапаноў”, — паведаміла Барышнікава.

Так, МАРТ прапаноўвае лічыць заключэнне дагавора з моманту падачы заяўкі на сайце інтэрнэт-гандлю, а не з моманту выдачы тавару і атрымання грошай. „Пасля гэтага прадавец не мае права мяняць умовы продажу тавару (яго цану, мадэлі і цану дастаўкі)”, — патлумачыла Барышнікава.

Акрамя таго, уключана прапанова аб тым, што маўчанне спажыўца не азначае ўключэння дадатковых платных паслуг электрасувязі. Таксама ў рэкамендацыі ўключана правіла захавання персанальных дадзеных пакупнікоў і забарона іх выкарыстання.

Барышнікава нагадала, што Палатай прадстаўнікоў праведзена першае чытанне закона аб абароне правоў спажыўцоў. Ім прадугледжваецца замацаваць права спажыўца і абавязак прадаўца выконваць выбар па формах аплаты — наяўная або безнаяўная. „Адмова ад прыняцця безнаяўнага разліку будзе лічыцца парушэннем”, — падкрэсліла Барышнікава.

Таксама законам прадугледжваецца размяшчэнне на сайце інтэрнэт-крамы дадатковай інфармацыі — аб энергаэфектыўнасці электратавара і краіне яго паходжання.

Начальнік упраўлення паведаміла, што МАРТ за 2016 год і першую палову 2017 года выпісаў 45 прадпісанняў аб парушэннях правілаў гандлю інтэрнэт-крамамі і склаў 44 пратаколы. Сярод характэрных парушэнняў — адсутнасць поўнай інфармацыі, недакладная інфармацыя, адсутнасць інфармацыі аб вытворцы і імпарцёры, недастаўка тавару ў агавораны час, адсутнасць замоўленага тавару і іншыя.

Барышнікава нагадала, што праз інтэрнэт забаронены гандаль алкаголем, тытунёвымі вырабамі, лекамі і БАДамі, насеннем маку, зброяй і г.д. Таксама яна папярэдзіла пра незаконнасць інтэрнэт-гандлю праз сацыяльныя сеткі.

belapan.by