Аб’ём жыллёвага будаўніцтва скараціўся на 13,3%



У студзені-кастрычніку 2017 года ў Беларусі арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 34,8 тыс. новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 3 млн 50,6 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, на 13,3% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Паводле звестак Белстата, у кастрычніку пабудавана 265,4 тыс. кв. метраў, што на 32,9% менш, чым у кастрычніку 2016 года, і на 41% менш, чым у верасні 2017-га.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені-кастрычніку ўведзена ў эксплуатацыю 1 млн 5,8 тыс. кв. метраў агульнай плошчы, або 33% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 468,4 тыс. кв. метраў (на 42,9% менш, чым у студзені—кастрычніку 2016-га), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 530,9 тыс. кв. метраў.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 887,9 тыс. кв. метраў агульнай плошчы жылля, або 29,1% агульнага ўводу.

У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 млн 285,7 тыс. кв. метраў жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам.

У 2017 годзе плануецца пабудаваць 3,5 млн кв. метраў жылля. Фінансаванне з усіх крыніц складзе 3,7 млрд рублёў. Ва ўрадзе разлічваюць, што гадавая праграма будаўніцтва жылля будзе на 77% прафінансавана ўласнымі сродкамі насельніцтва. У 2018 годзе таксама плануецца пабудаваць 3,5 млн кв. метраў жылля.

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль раней заявіў БелаПАН, што аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва залежаць не ад будаўнікоў, а ад фінансавання. Вытворчая будаўнічая база дазваляе будаваць 10 млн квадратных метраў жылля ў год. „Будзе больш грошай, будзем больш будаваць”, — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры. Ён разлічвае на рост жыллёвага будаўніцтва ў будучыні за кошт распаўсюджвання новых фінансавых інструментаў — іпатэкі і жыллёвых зберажэнняў.

belapan.by