У студзені-траўні рост беларускай прамысловай вытворчасці запаволіўся да 8,3%
У студзені-траўні 2018 года ў Беларусі аб’ём прамысловай вытворчасці ў наяўных цэнах склаў 44,2 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах на 8,3% больш да ўзроўню такога ж перыяду 2017 года, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У студзені-красавіку гэтага года прырост быў 8,8%. Такім чынам, за месяц зніжэнне склала 0,5 працэнтнага пункта. У студзені прырост склаў 9,7%, студзені-лютым — 10,3%, студзені—сакавіку — 9,4%. У 2017 годзе прамвытворчасць вырасла на 6,1%.
За студзень-травень 2018 года ў горназдабыўной прамысловасці вытворчасць вырасла на 3,1%, у апрацоўчай — на 9,5%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — на 4,7%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — на 0,8%.
Прырост прамысловай вытворчасці за травень 2018 года да траўня 2017-га склаў 6,3%.
Ва ўсіх галінах апрацоўчай прамысловасці аб’ём прамысловай вытворчасці за студзень-травень 2018 года перасягнуў узровень такога ж леташняга перыяду. Найбольшы прырост назіраўся ў вытворчасці машын і абсталявання (на 19,7%), транспартных сродкаў і абсталявання (на 15,3%), вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі (на 14,9%), вытворчасці асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (на 13,9%), коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі (на 10,6%).
Пра тое, што прамысловасць і сёлета застанецца лакаматывам беларускай эканомікі, заявіў журналістам 23 лютага на калегіі Мінпрама віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Ён адзначыў, што за апошнія 15 гадоў, за выключэннем крызісных, прамысловасць прырастала ў сярэднім на 8,2% у год. Яе доля ў сусветнай прамысловай вытворчасці вырасла ў 2,3 разу да 0,13%. „Быццам невялікая доля, але варта ўлічваць, што мы маленькая краіна”, — адзначыў Сямашка.
2017 год ён назваў паспяховым для прамысловасці — яна выйшла з рэцэсіі, прырост эканомікі склаў 2,4%, прамысловай вытворчасці — 6,1%. „Гэты год мы таксама пачалі паспяхова. Думаю, што задача па росце сёлета на 3,5-4% будзе выкананая, магчыма, нават і перавыкананая”, — заявіў чыноўнік.
belapan.by
