У сусветным рэйтынгу Беларусь заняла 79-е месца па памеры ВУП



Па памеры валавога ўнутранага прадукту Беларусь заняла 79-е месца сярод 200 краін, сведчыць апублікаваная база даных Сусветнага банка.

Паводле вынікаў 2017 года, згодна з разлікамі Сусветнага банка, ВУП Беларусі склаў 54,4 млрд долараў. Нягледзячы на рост ВУП у доларавым выражэнні, які адбыўся летась, становішча Беларусі пагоршылася ў рэйтынгу Сусветнага банка (у пазамінулым годзе краіна займала 76-е месца).

Па памеры ВУП Беларусь апярэджваюць Харватыя (54,5 млрд долараў), Уругвай (56,2 млрд), Балгарыя (56,8 млрд).

У пяцёрку найбуйнейшых эканомік свету традыцыйна ўвайшлі ЗША (ВУП паводле вынікаў 2017 года склаў 19,4 трлн долараў), Кітай (12,2 трлн), Японія (4,8 трлн), Германія (3,6 трлн), Вялікабрытанія (2,6 трлн).

Улады прагназуюць, што паводле вынікаў 2018 года ВУП складзе 60 млрд долараў. У 2025 годзе памер эканомікі ўрад плануе павялічыць да 100 млрд долараў. У 2017 годзе прыкладна такі памер ВУП быў зафіксаваны у Эквадора (103 млрд) і Пуэрта-Рыка (105 млрд), якія занялі ў рэйтынгу Сусветнага банка 63-е і 62-е месцы адпаведна.

Выступаючы ў чэрвені ў Палаце прадстаўнікоў, першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі заявіў, што для павелічэння ВУП да 100 млрд долараў у найбліжэйшыя гады неабходна вырашыць шэраг структурных пытанняў. „Атрымаць высокія тэмпы росту на гарызонце да 2025 года нельга без новай інвестыцыйна-прамысловай палітыкі, без новай структуры эканомікі”, — канстатаваў Мацюшэўскі.

Паводле яго слоў, забяспечыць паскарэнне эканомікі плануецца за кошт „максімальнай аддачы ад мадэрнізаваных прадпрыемстваў у традыцыйных сектарах эканомікі”, а таксама за кошт стварэння „новай эканомікі” (якая ўключае Парк высокіх тэхналогій і індустрыяльны парк „Вялікі камень”).

Між тым беларускія эканамісты выказваюць сумненне, што за найбліжэйшыя сем гадоў ВУП Беларусі павялічыцца да 100 млрд долараў. „Урад яшчэ з 2012 года спрабуе стварыць паралельную эканоміку. Верагодна, нейкі станоўчы эфект ад дзейнасці Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка „Вялікі камень” эканоміка адчуе, але не відаць перадумоў, якія забяспечаць высокія тэмпы эканамічнага росту”, — мяркуе старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Эксперты сумняваюцца, што драйверам росту беларускай эканомікі стане прамысловы сектар, у якім дамінуюць дзяржпрадпрыемствы. Згодна з разлікамі Даследчага цэнтра ІПМ, прадукцыйнасць працы ў беларускай прамысловасці ніжэй, чым у Чэхіі, у 2,5 разу, а ў параўнанні з Венгрыяй — у 2,4 разу. „З улікам той структуры прамысловасці, якую мы цяпер маем, складана разлічваць на высокія тэмпы эканамічнага росту”, — мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.   БелаПАН