У траўні прафіцыт рэспубліканскага бюджэту вырас на 270 млн рублёў
За студзень-травень 2018 года рэспубліканскі бюджэт сфарміраваны з прафіцытам у памеры 2,8 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Па выніках чатырох месяцаў прафіцыт бюджэту складаў 2,53 млрд рублёў. Такім чынам, за травень яго памер вырас яшчэ на 270 млн рублёў.
Паводле даных Мінфіна, даходы рэспубліканскага бюджэту склалі 9,9 млрд рублёў, або 47,6% (тут і далей — удакладненага гадавога плана).
Паступленне ПДК склала 4,4 млрд рублёў, ці 43,8%. Падатку на прыбытак паступіла 1,1 млрд рублёў, або 35,8%. Акцызы паступілі ў суме 1,0 млрд рублёў, або 41,2%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 2,2 млрд рублёў, або 59,2%.
Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 5,5 млрд рублёў, або 40,6% зацверджанага гадавога плана, Фонд універсальнага абслугоўвання — 20,1 млн рублёў, ці 52,2%, Фонд грамадзянскай авіяцыі — 16,1 млн рублёў, або 77,8%, Фонд дэпартамента выканання пакаранняў — 0,3 млн рублёў, ці 25,0%.
Па стане на 1 чэрвеня 2018 года запазычанасць па падатках і зборах склала 180,0 млн рублёў.
Расходы рэспубліканскага бюджэту склалі 7,1 млрд рублёў, або 35,2% удакладненага гадавога плана. На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 2,8 млрд рублёў (28,7%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 1,9 млрд рублёў (45,8%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 5,5 млрд рублёў (38,8%).
Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 5,3 млрд рублёў (39,5%), Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 4,3 млн рублёў (11,2%), Фонду грамадзянскай авіяцыі — 8,3 млн рублёў (40,1%). Расходы Фонду дэпартамента выканання пакаранняў не ажыццяўляліся.
Прафіцыт бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў 0,2 млрд рублёў, Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 15,8 млн рублёў, Фонду грамадзянскай авіяцыі — 7,8 млн рублёў, Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,3 млн рублёў.
Прафіцыт бюджэту сектара дзяржкіравання за студзень—май склаўся ў суме 3,6 млрд рублёў. Даходы склалі 20,7 млрд рублёў, або 45,1%, выдаткі — 17,1 млрд рублёў, або 38,0% удакладненага гадавога плана.
Як паведамляў БелаПАН, значны прафіцыт бюджэту Беларусі па выніках першага квартала эканамісты тлумачаць асаблівасцямі выканання яго расходнай часткі.
2 сакавіка падчас справаздачы ўрада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выкананне бюджэту — гэта асаблівае пытанне. „У канцы мінулага года было шмат шуму з нагоды яго скарачэння на 10%. І што ж атрымліваецца: зрэзалі расходы на 10%, рэзервовы фонд не расходавалі, стаўкі падаткаў павысілі толькі з лютага, а ў першым месяцы атрымалі прафіцыт. Гэта вы яго плануеце так бесталкова?” — спытаў ён.
У паведамленні ад 3 сакавіка Мінфін растлумачыў, што фарміраванне прафіцыту ў 1,1 млрд рублёў абумоўлена паступленнямі ў студзені плацяжоў у бюджэт па падатку на дададзены кошт за IV квартал мінулага года і значным аб’ёмам плацяжоў, якія залежаць ад цаны на нафту (вывазныя мытныя пошліны ў дачыненні да нафты сырой і нафтапрадуктаў, збор за экспарт нафты сырой, падатак за здабычу нафты).
Па выніках першага квартала ўвесь прафіцыт бюджэту, як і планавалася, быў накіраваны на пагашэнне валютнага доўгу краіны.
belapan.by
