У Варшаве праходзіць Беларуска-польскі інвестыцыйны форум (абноўлена)



Гадавы аб’ём таваразвароту паміж Беларуссю і Польшчай на сённяшні дзень ацэньваецца ў 3 мільярды даляраў. На думку намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага, гэтыя лічбы можна давесці да 4-5 мільярдаў. Дзеля гэтага неабходна больш увагі звяртаць на міжрэгіянальныя праекты, адзначыў віцэ-прэм’ер, які ўдзельнічае ў польска-беларускім інвестыцыйным форуме ў Варшаве:

– Вось мы пакуль усё зацыклены на адной краіне, а ў іншай ёсць міжрэгіянальныя праекты. Ёсць праграма развіцця польскіх усходніх тэрыторый – гэта мяжа па Гародні і Берасцю, таму вось гэтыя тэрыторыі мы сумесна павінны адпрацоўваць. Яны размяшчалі тут вялікія вытворчасці „IKEA”, у нас ідзе моцная мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, таму мы гэтыя два праекты павінны спалучаць у адзінае.

Паводле Міхаіла Русага, у такіх праектах польскі бок можа прадастаўляць вытворчасць, а беларускі бок – камплектуючыя, а гандляваць – яны могуць разам. Таксама віцэ-прэм’ер Беларусі падкрэсліў, што польскія інвестары сур’ёзна зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў, найперш у галіне перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

* * *

Польска-беларускі інвестыцыйны форум пачаўся ў Міністэрстве гаспадаркі Польшчы ў Варшаве. Адкрыў форум прэзідэнт Польскага агенцтва інфармацыі ды замежных інвестыцый Славамір Майман. Ён прыгадаў словы польскага пісьменніка Тадэвуша Канвіцкага, які пісаў, што Беларусь павінна называцца „добрай зямлёй добрых людзей”.

DSC09410

Міністр эканомікі, віцэ-міністр Польшчы Януш Пехацінскі ў сваім выступе адзначыў, што цяпер супраца паміж краінамі-суседкамі адбываецца ў складаны палітычны час:

– Канфлікт ва Усходняй Украіне ды вынікаючыя з яго абмежаванні ў гандлёвым абароце паміж Еўразвязам і Расеяй, а таксама тэндэнцыя рэцэсіі ў многіх гаспадарках па абодва бакі гэтай мяжы, спрычыняюцца да ўстрымання польскіх прадпрымальнікаў ад заангажавання ў працу за Бугам. Хацеў бы падкрэсліць, што незалежна ад цяперашніх палітычных умоваў і пераходных цяжкасцяў у рэалізацыі гандлёвага абмену з некаторымі краінамі, мы нязмерна зацікаўлены ў развіцці супрацы з нашымі партнёрамі.

Ужо адбылося падпісанне мемарандума пра намеры паміж Нацыянальным агенцтвам па інвестыцыях і прыватызацыі Беларусі і Агенцтвам інфармацыі ды замежных інвестыцый Польшчы.

* * *

У Варшаве сёння пачынаецца Беларуска-польскі інвестыцыйны форум, а заўтра адбудзецца III паседжанне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

Як распавёў  кіраўнік гандлёвай службы пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве Ігар Сакрэта, беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, а  польскую віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі Януш Пехацінскі:

– Ён правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі дзелавых колаў, буйных польскіх прадпрыемстваў, якія маюць намеры інвеставаць ці прапаноўваюць іншыя формы супрацы з нашай краіны. Ужо мы маем пацверджанне, што адбудуцца перамовы віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага з міністрам сельскай гаспадаркі Марэкам Савіцкім па справах супрацы ў галіне сельскай гаспадаркі.

Паводле Ігара Сакрэты, падчас перамоваў будуць абмеркаваныя кірункі пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Польшчай, а таксама ўзаемадзеяння ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, спорту і турызму ды аховы навакольнага асяроддзя.

* * *

У Варшаве 1-2 снежня адбудзецца паседжанне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і Беларуска-польскі інвестыцыйны форум.

Як распавёў кіраўнік гандлёвай службы пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве Ігар Сакрэта, беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы:

– Гэта больш за 15 пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва ў розных галінах – ад транспарту, да энергетыкі. Зрэшты, трэба адзначыць, што ў гэтым годзе мы ўзялі на сябе абавязак, рыхтуючыся да гэтага паседжання, правесці паседжанні ўсіх профільных працоўных груп. Гэта транспарт, гэта сельская гаспадарка, гэта энергетыка. Пачалі мы працаваць з паседжання працоўнай групы па гандлі і інвестыцыях.

Паводле Ігара Сакрэты,  падчас перамоваў будуць абмеркаваныя перспектыўныя кірункі пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Польшчай, а таксама ўзаемадзеяння ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, спорту і турызму, аховы навакольнага асяроддзя.

* * *

У Варшаве 1-2 снежня адбудзецца III пасяджэнне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і Беларуска-польскі інвестыцыйны форум. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Паводле яго слоў, у склад беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым увойдуць намеснікі кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, транспарту і камунікацый, энергетыкі, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і арганізацый, дзелавых колаў.

Падчас перамоў будуць абмеркаваныя перспектыўныя кірункі пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Польшчай, а таксама ўзаемадзеяння ў сферах транспарту, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, спорту і турызму, аховы навакольнага асяроддзя, сказаў Мірончык.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Яны Запольскай