У Віцебску пачнуць вырабляць лёгкаматорныя самалёты



Новым рэзідэнтам СЭЗ „Віцебск” зарэгістравана ТАА „Гранд Меркурый-СХ”, якое плануе рэалізаваць праект па стварэнні вытворчасці лёгкаматорных самалётаў.

Як паведаміў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ Сяргей Юркевіч, беларуска-расейскі тандэм заснавальнікаў прадпрыемства мае намер арганізаваць выпуск лёгкага шматмэтавага самалёта мадэлі „Меркурый” у адным з сектараў СЭЗ на ўскраіне Віцебска.

Аб’ём інвестыцый у праект складзе больш за 7 млн ​​даляраў, пры гэтым мяркуецца стварэнне больш як 100 працоўных месцаў.

Вырашальным фактарам пры выбары пляцоўкі стала наяўнасць інфраструктуры былога ваеннага аэрадрома на тэрыторыі, якая знаходзіцца ў аператыўным кіраванні адміністрацыі СЭЗ і пастаянна развіваецца для павышэння інвестыцыйнай прывабнасці. Лёгкі шматмэтавы самалёт „Меркурый” прызначаны для дзелавых палётаў, перавозкі пасажыраў (6-8 чалавек), а таксама можа быць мадыфікаваны для выкарыстання ў інтарэсах спецыяльных службаў (МНС і інш.).

ej.by