У „Вялікім камені” будуць распрацоўваць беспілотныя аўтамабілі



У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень” будуць распрацоўваць беспілотныя аўтамабілі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт парка.

„Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка заключыла пагадненне з ТАА „Міжнародная тэхналагічная кампанія „Інтэлектуальнае абсталяванне” аб стварэнні ў „Вялікім камені” доследнага цэнтра распрацоўкі беспілотных аўтамабіляў. Згодна з падпісаным дакументам, кітайскае прадпрыемства будзе праводзіць даследаванні і распрацоўкі беспілотных аўтамабіляў”, – паведамляецца на сайце парка.

Работу над праектам плануецца пачаць у траўні.

Кампанія „Інтэлектуальнае абсталяванне” з’яўляецца адным з прадпрыемстваў – рэзідэнтаў „Вялікага каменя”. Сфера яе дзейнасці – даследаванні, распрацоўка і выпрабаванні экалагічных беспілотных транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі.

На пачатак студзеня ў „Вялікім камені” былі зарэгістраваны 60 рэзідэнтаў з 15 краін, у тым ліку 33 – з КНР, 15 – з удзелам кампаній з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Расіі, ЗША, Швейцарыі і Эстоніі, 12 – ініцыяваны беларускімі кампаніямі. Чакаецца, што да канца года ў парку будуць зарэгістраваны не менш як 80 рэзідэнтаў з аб’ёмам заяўленых інвестыцый $1,5 млрд.

БелТА