У закон „Аб абароне правоў спажыўцоў” уносяцца папраўкі



У беларускім заканадаўстве замацуюць права спажыўца на выбар формы аплаты тавару (работы, паслугі). Гэта прадугледжваюць папраўкі ў закон „Аб абароне правоў спажыўцоў”, прынятыя Палатай прадстаўнікоў 26 чэрвеня ў першым чытанні.

Як паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, праект скіраваны на ўдасканаленне дзейнага з 2002 года закона „Аб абароне правоў спажыўцоў” з улікам вынікаў яго практычнай рэалізацыі, а таксама на прывядзенне яго нормаў з у адпаведнасць з беларускімі і міжнароднымі прававымі актамі, складнікамі права Еўразійскага эканамічнага саюза.

Так, законапраект замацоўвае права выбару спажыўца на аплату тавару ў наяўнай або безнаяўнай форме. Устанаўліваецца абавязак прадаўца па ажыццяўленні вяртання грашовых сродкаў спажыўцу ў той жа форме, у якой была праведзеная аплата тавару, калі іншае не прадугледжанае пагадненнем бакоў. Пры гэтым устанаўліваецца забарона на выпатрабаванне ад спажыўца дакумента, які сведчыць асобу, пры вяртанні спажыўцу грашовых сродкаў за тавар.

Праект закона таксама ўводзіць забарону на ўсталяванне розных цэн на адзін від тавару ў залежнасці ад формы яго аплаты.

Дакумент прадугледжвае пашырэнне паняційнага апарату. У прыватнасці карэктуецца тэрмін „дакумент, які пацвярджае факт набыцця тавару”, што абумоўленае правядзеннем безнаяўных аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак у плацежных тэрміналах, інфакіёсках і гэтак далей, пры якіх пацвярджэннем аплаты з’яўляецца карт-чэк.

Акрамя таго, законапраект упершыню ўводзіць паняцце „аб’ект абслугоўвання”. Удакладняюцца паняцці „якасць тавару”, „прадавец”, „вытворца”, „выканаўца”, „рамонтная арганізацыя” і „прадстаўнік”.

belapan.by