У Жэневе пройдзе чарговы раўнд перамоваў па далучэнні Беларусі да СГА



У Жэневе 23-26 студзеня пройдзе чарговы раўнд перамоваў па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліць першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

У склад дэлегацыі ўвойдуць таксама прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, юстыцыі, а таксама Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Нацыянальнага банка.

У межах перамоваў адбудзецца 8-е афіцыйнае пасяджэнне рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі 46 краін — членаў арганізацыі.

Члены СГА сумесна з беларускай дэлегацыяй разгледзяць пытанні знешнегандлёвага рэжыму краіны, узгодняць планы па далейшай працы. Запланавана таксама правядзенне двухбаковых перамоваў больш чым з 10 краінамі — членамі СГА.

Пра тое, што Беларусь правядзе ў студзені поўнамаштабны раўнд перамоваў па далучэнні да СГА, паведамлялася ў апублікаваным 5 студзеня на сайце МЗС аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2016 годзе. У дакуменце падкрэслівалася, што „намаганні краіны па актывізацыі перамоўнага працэсу знайшлі падтрымку ў большасці краін — членаў СГА”. „Па выніках разгляду прадстаўленых беларускім бокам дакументаў Сакратарыят СГА падрыхтаваў і распаўсюдзіў у снежні праект дакладу рабочай групы па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Арганізацыі, які стане асновай для правядзення ў студзені 2017 года поўнамаштабнага раўнда перамоваў. Распаўсюджванне праекта дакладу сведчыць пра высокую ступень гатоўнасці краіны-кандыдата да заключнай фазы перамоваў у шматбаковым фармаце”, — гаворыцца ў аглядзе МЗС.

На нарадзе 29 сакавіка 2016 года Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць перамоўны працэс па далучэнні Беларусі да СГА. 6 красавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэнне аб актывізацыі органамі дзяржаўнага кіравання працы па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Агульную каардынацыю перамоўнага працэсу ўпаўнаважанае ажыццяўляць МЗС.

belapan.by