Указам прэзідэнта пашыраны пералік відаў рамеснай дзейнасці
Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка падпісаў указ № 364 „Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”, які ўваходзіць у пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, максімальна пашыраецца пералік відаў рамеснай дзейнасці, якія грамадзяне маюць права ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У названы пералік уключаны ўсе віды творчасці, якія ажыццяўляюцца на аснове ручной працы.
Удакладняюцца месцы і спосабы рэалізацыі рамеснай прадукцыі. Акрамя продажу сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, рамеснікі змогуць прадаваць свае вырабы непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць прадукцыю пакупнікам па ўказаным імі адрасе.
Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце.
„Прыняцце ўсіх гэтых мер паспрыяе развіццю народных промыслаў, захаванню і прымнажэнню традыцый ручной працы, а таксама ўключэнню працаздольнага насельніцтва ў эканамічную дзейнасць з дапамогай стварэння дадатковых умоў для самазанятасці грамадзян”, — адзначае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Як паведамлялася раней, праектам гэтага ўказа пералік рамесніцкай дзейнасці планавалася пашырыць на 30%. На сёння ў Беларусі зарэгістравана каля 23,5 тысячы рамеснікаў.
belapan.by
Фота http://virtualbrest.by
