Украіна аднавіла перадачу электраэнергіі Беларусі па чатырох лініях



Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, на пасяджэнні 15 красавiка прыняла папраўку да пастановы ад 8 красавіка „Аб дзеяннях удзельнікаў рынку электрычнай энергіі ў перыяд дзеяння каранціну і абмежавальных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем каронавіруснай хваробы”, паведамляе сайт камісіі.

Як раней паведамлялася, гэтай пастановай Украіна да 30 красавіка прыпыніла куплю на сутачных і месячных аўкцыёнах электраэнергіі з Беларусі і іншых краін, якія не ўваходзяць у Энергетычную супольнасць — міжнародную арганізацыю, што аб’ядноўвае Еўразвяз і краіны-суседзі ў мэтах стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку.

Акрамя таго, былі ануляваныя вынікі гадавых аўкцыёнаў па размеркаванні на 2020 год прапускных здольнасцяў ліній электраперадачы паміж Украінай і дзяржавамі па-за Энергетычнай супольнасці.

Папраўка, прынятая 15 красавіка, вывела з-пад дзеяння пастановы вынікі аўкцыёнаў, якія тычацца ліній электраперадачы 110 кВ Дабранка — Церахоўка, 110 кВ Славуціч — Камарын, 35 кВ Картэлісы — Макраны і 0,4 кВ Кашары — Рытец.

У абгрунтаванні да папраўкі адзначана, што гэтыя лініі забяспечваюць „тупіковае сілкаванне прымежных населеных пунктаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, <…> з’яўляюцца адзінымі крыніцамі энергіі для адпаведных населеных пунктаў Украіны і Беларусі і не маюць альтэрнатыўных крыніц энергіі для канчатковых спажыўцоў”.

Пастанова ад 8 красавіка было прынятая ў сувязі з тым, што, на думку камісіі, ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання COVID-19 у дзяржавах па-за Энергетычнай супольнасці ўзнікае „рызыка фізічнай магчымасці невыканання дагаворных абавязацельстваў”, бо можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспецы паставак электрычнасці, што можа прывесці да вельмі негатыўных наступстваў.

Беларусь і Украіну, акрамя згаданых чатырох міждзяржаўных ліній электраперадачы, звязваюць яшчэ дзве. Гэта асноўныя і найбольш магутныя ЛЭП 330 кВ Гомель — Чарнігаў і ЛЭП 330 кВ Мазыр — Чарнобыльская АЭС.

Згодна са звесткамі нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”, у сакавіку Украіна імпартавала 7,713 млн кілават-гадзін беларускай электраэнергіі. Гэта найменшы месячны аб’ём паставак з сярэдзіны 2019 года, калі ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы ДВА „Белэнерга”, атрымалі магчымасць прадаваць яе ўкраінскім кампаніям-трэйдарам.

Для параўнання: у лютым Украіна набыла 48,882 млн кВт·гадз электраэнергіі з Беларусі, у студзені — 93,013 млн.

З сярэдзіны мінулага года штомесячны імпарт Украіны з Беларусі перавышаў 100 млн кВт·гадз, за выключэннем снежня, калі было пастаўлена 48,915 млн кВт·гадз. Усяго за 2019 год, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, ва Украіну было пастаўлена 852,838 млн кВт·гадз беларускай электраэнергіі на 45 млн 609,8 тыс. долараў.

Раней украінскія ўлады, уключаючы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, заяўлялі пра неабходнасць абмежавання імпарту электрычнасці з Беларусі, каб дапамагчы айчынным вытворцам, перш за ўсё шахцёрам. Беларусь жа, наадварот, прагназавала павелічэнне экспарту электраэнергіі ў сувязі з тым, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.

belapan.by