Украіна просіць Беларусь зняць абмежаванні на пастаўку прадукцыі



Украінскі Савет Міністраў просіць беларускія ўлады паздымаць усе абмежаванні на пастаўкі ўкраінскай прадукцыі ў Беларусь. Пра гэта гаварылася падчас паседжання ўкраінска-беларускай працоўнай групы ў Кіеве.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Яшчэ 27 жніўня пачала дзейнічаць пастанова беларускага Савета Міністраў № 666, якая ўскладніла санітарна-гігіенічную экспертызу шэрагу пазіцый імпартнай прадукцыі: бытавой тэхнікі, тавараў бытавой хіміі, аўтамабіляў і асабліва вырабаў харчовай прамысловасці.

Калі раней гігіенічная рэгістрацыя праводзілася толькі адзін раз і толькі пры першым увозе тавара, то з 27 жніўня такая ж працэдура прадугледжана кожны раз, калі ў Беларусь увозіцца новая партыя тавараў. Выявілася, што беларускія лабараторыі аказаліся не ў змозе апрацаваць усю плынь запросаў на экспертызу. У выніку, пацярпелі абодва бакі: і беларускі, і ўкраінскі. Асартымент танных і якасных украінскіх тавараў у нашай краіне істотна зменшыўся, як і мытныя пошліны. А  ўкраінскія вытворцы, у сваю чаргу, атрымалі грашовыя страты.

Такое ўскладненне працэдуры эканамісты растлумачылі спробай Менска атрымаць дадатковыя прыбыткі і ад рэгістрацыі, і ад сістэмы штрафаў, прадугледжанай за рэалізацыю тавараў без рэгістрацыі. Перамовы ўкраінска-беларускай працоўнай групы працягваюцца.

Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя

Фота telegraf.com.ua

  • https://plus.google.com/109239986484854867403 Яўген Рыбакоў

    Трэба не толькі зняць абмежаванні ў гандлі, але і адкрыць мяжу з Украінай!

Комментарии для сайта Cackle