Украіна за год павялічыла імпарт бензіну з Беларусі амаль на чвэрць
У 2020 годзе імпарт бензінаў ва Украіну склаў 1,095 млн тон, што на 5,5% больш, чым у пазамінулым годзе (1,038 млн т), паведамляе профільнае ўкраінскае выданне нафтагазавай галіны enkorr са спасылкай на дадзеныя „Кансалтынгавай групы А-95”.
Пры гэтым, паводле дадзеных „А-95”, беларускія НПЗ у 2020 годзе павялічылі адгрузку бензінаў на 23,7% (на 163 тыс. т), да 854,5 тыс. т, тым самым павысіўшы сваю долю ў імпарце бензінаў з 67% да 78%.
Як адзначае выданне, найбольшыя аб’ёмы паставак беларускага рэсурсу назіраліся летам: у чэрвені было імпартавана 97 тыс. т, у ліпені — 92 тыс. т, у жніўні — 89,4 тыс. т. У астатнія месяцы аб’ём імпарту з Беларусі вагаўся ў межах 45—75 тыс. тон.
Пры гэтым пастаўкі з Літвы за 2020 год скараціліся амаль на траціну (28,4%), да 235,1 тыс. т, што, адпаведна, па выніках года прывяло да зніжэння долі ў імпарце з 32% да 21%.
Эксперты „А-95” адзначаюць, што рост долі беларускіх бензінаў і зніжэнне рэсурсу з Літвы ва Украіне абумоўлены продажам бензінаў Беларускай нафтавай кампаніяй у партфелі з дызельным палівам па тэрм-кантрактах на 2020 год.
Аднак, паводле інфармацыі enkorr, ужо па доўгатэрміновых кантрактах на 2021 год трэйдары альбо адмовіліся ад такой партфельнай прапановы, альбо скарацілі аб’ёмы бензінаў у пакеце з дызельным палівам на карысць куплі рэсурсу на спотавым рынку.
Акрамя таго, трэйдары адзначалі, што аб’ёмы тэрм-кантрактаў на пастаўку беларускіх бензінаў у гэтым годзе знізіліся, у тым ліку з-за росту аб’ёмаў вытворчасці на Крамянчугскім НПЗ.
Як паведамляў БелаПАН, ва ўрадзе Украіны раней заяўлялі, што закупляюць у Беларусі вялікую колькасць паліва, бо гэта выгадна.
„У нас сваёй нафты няма. Гэта ваенная таямніца? Не. Нам даводзіцца яе закупляць. Гэта значыць частка нафты… Я не ведаю, шчыра кажучы… Здаецца, цяпер сырую нафту мы з Расеі не атрымліваем, таму мы вымушаныя закупляць вялікую колькасць паліва, якім карыстаецца ўся краіна, у Беларусі, якая выпрацоўвае, абсалютна зразумела, з расейскай нафты. Але нам гэта выгадна. У нас альтэрнатыва якая? Закупляць еўрапейскае паліва. Пацягнем мы ўсе цяпер з вамі цану еўрапейскага паліва?.. Такі цяперашні час”, — адзначаў у студзені 2019 года тагачасны намеснік міністра па пытаннях часова акупаваных тэрыторый і ўнутрана перамешчаных асоб Георгій Тука ў інтэрв’ю тэлеканалу „112”.
