Украіна значна павялічвае мыта на імпарт беларускіх палімераў



Цяпер мыта на беларускі пластык будзе складаць 39, 2 % замест ранейшых 5 %.

Відавочна, такое рашэнне ўкраінскіх уладаў — адказ на адмысловае ліцэнзаванне ўкраінскага піва і кандытарскіх вырабаў, прынятае Менскам яшчэ увосень 2015 года. Гэтае ліцэнзаванне значна ўскладніла жыццё ўкраінскіх экспарцёраў і нават стала тэмай украінска-беларускіх перамоваў.

Спярша ў Кіеве занялі чакальную пазіцыю, мяркуючы, што ў Менску перадумаюць, і нават вырашылі ў аднабаковым парадку скасаваць пяціадсоткавае мыта, якім абкладаўся пластык беларускай вытворчасці. Але ж ў Менску так і не адмянілі мыта на ўкраінскія тавары. У якасці захадаў у адказ украінскія ўлады падвысілі мыта на імпарт беларускага малака, піва і цукерак. Цяпер да іх дадаліся мыта на беларускія палімеры, якія здольныя цалкам спыніць экспарт гэтай прадукцыі ва Украіну.

Беларускія палімеры выкарыстоўваліся ўкраінскімі вытворцамі бытавой тэхнікі, сінтэтычных валокнаў і іншага абсталявання. Новае ўкраінскае мыта адмоўна адаб’ецца і на беларускіх вытворцах пластыка, і на спажыўцах ва Украіне.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя