Уладальнікаў электрамабіляў у ЕАЭС мяркуюць вызваліць ад транспартнага падатку



Уладальнікаў электрамабіляў у ЕАЭС прапануюць вызваліць ад выплаты транспартнага падатку. Гэта прадугледжана праектам плана мерапрыемстваў для стымулявання вытворчасці і выкарыстання электрамабіляў на 2018-2020 гады, паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Праект плана мерапрыемстваў адобраны на пасяджэнні кансультатыўнага камітэта па прамысловасці ЕЭК. Праект дакумента змяшчае інфармацыйныя, арганізацыйныя і фінансавыя меры, якія краіны саюза плануюць рэалізаваць сумесна з ЕЭК.

Стымулюючыя меры падзелены на два блокі: вытворчасць і выкарыстанне электрамабіляў. Стымуляваць вытворчасць прапануецца з дапамогай фарміравання еўразійскага пераліку камплектуючых колавых транспартных сродкаў з электрычнымі рухавікамі, іх базавых кампанентаў і аб’ектаў зараднай і сэрвіснай інфраструктуры, якія не вырабляюцца ў ЕАЭС. Прапануецца таксама арганізацыя кааперацыйнай вытворчасці электрамабіляў, зніжэнне ставак увазных мытных пошлін на імпартныя камплектуючыя, прызначаныя для вытворчасці машын з электрарухавікамі.

Сярод мер па стымуляванні выкарыстання электрамабіляў – вызваленне ўладальнікаў колавых транспартных сродкаў з электрычнымі рухавікамі ад выплаты транспартнага падатку, прадастаўленне ім бясплатных парковачных месцаў, абсталяваных зараднымі ўстройствамі і інш.

У Дэпартаменце прамысловай палітыкі ЕЭК растлумачылі, што праект плана нацэлены на прадаўжэнне работы па стымуляванні вытворчасці і выкарыстання электратранспарту пасля заканчэння тэрміну дзеяння аналагічнага плана на 2015-2017 гады, які быў выкананы ў рамках нацыянальных прыярытэтаў развіцця галіны.

belta.by