Улады абмеркавалі дзейнасць прадпрыемстваў дражджавой галіны



Дзейнасць прадпрыемстваў дражджавой галіны абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, перадае БЕЛТА. Дзейнасць гэтай галіны абмяркоўвалася і летась, калі кіраўнік Беларусі наведваў Слуцкі дражджавы завод. На сённяшняй нарадзе Лукашэнка заявіў, што праблему, якую даўно мусіў вырашыць урад, даводзіцца абмяркоўваць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Акрамя Слуцкага завода ў краіне дзейнічаюць дражджавы камбінат у Менску і яго філіял у Ашмянах. Усе разам яны выпускаюць больш за 35 тысяч тон прадукцыі ў год, а ёмістасць беларускага рынку прэсаваных дражджэй – амаль 8 тысяч тон. Частка прадукцыі пастаўляецца на экспарт, у тым ліку ў краіны Еўразвязу.

«Сёння немцы нібыта патрабуюць, каб мы зачынілі ўсе нашы вытворчасці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для працы на беларускім рынку», – заявіў Лукашэнка. Ён прапанаваў разабрацца, ці сапраўды штосьці абяцалі інвестарам – і тады абяцанні павінныя выконвацца. «Калі не, то трэба знайсці нармальнае выйсце са становішча, бо гэта два нашыя прадпрыемствы, не важна, хто туды інвеставаў – немцы, беларусы, рускія ці ўкраінцы», – заявіў Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА