Улады абяцаюць адкрыць экарынак пад Менскам летам гэтага года



У Менскай вобласці завяршаецца будаўніцтва новага экарынку, паведамляе сайт Мінаблвыканкама.

Рынак размяшчаецца на выездзе з Менска ў напрамку Лагойска на трасе М3 каля вёскі Валяр’янава. Плануецца, што ён адкрыецца летам гэтагага года.”Новы экарынак павінен стаць штуршком для развіцця экалагічна чыстага земляробства і жывёлагадоўлі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі аблвыканкама, заснавальнікамі і інвестарамі праекта з’яўляюцца чатыры буйныя агракамбінаты. Аднак прадаваць там сваю прадукцыю змогуць любыя вытворцы, якія прайшлі неабходны кантроль якасці.

Таксама на рынку можна будзе набыць фермерскія прадукты, прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць малочныя, мясныя кашэрныя прадукты і экалагічна чыстую гародніну, садавіну.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такога роду месца паблізу сталіцы, дзе можна прадаць і набыць экалагічна чыстую прадукцыю, вельмі чакае насельніцтва. У выпадку паспяховай рэалізацыі праекта Лукашэнка прапанаваў распаўсюдзіць далей гэты вопыт. „Вы, можа, і яшчэ некалькі будынкаў папросіце, каб людзі маглі свабодна прадаць сваю прадукцыю”, — адзначыў ён.

belapan.by