Улады Беларусі ўзялі абавязацельствы па лібералізацыі валютнага рэгулявання



Да канца 2017 года беларускія ўлады павінны прыняць меры па лібералізацыі валютнага рэгулявання. Адпаведныя абавязацельствы замацаваны ва ўдакладненай матрыцы мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, на падставе выканання якой Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця прымае рашэнне аб выдзяленні Беларусі траншаў крэдыту. Згодна з матрыцай, удакладнены варыянт якой апублікаваў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, да 1 кастрычніка ў Беларусі павінен быць зніжаны нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі з цяперашніх 20% да 10%.

Акрамя таго, да 1 студзеня 2018 года павінна быць адменена мэтавая купля валюты юрыдычнымі асобамі і беларускім прадпрыемствам павінна быць дадзена магчымасць набываць СКВ „без тлумачэння банкам мэтаў яе пакупкі”. Цяпер юрыдычныя асобы ў Беларусі могуць купляць замежную валюту строга на пэўныя мэты, напрыклад каб разлічыцца па валютных крэдытах.

Варта адзначыць, што мэтавая купля замежнай валюты ў Беларусі існуе з 1991 года (гэта пытанне рэгулявалася яшчэ Беларускім рэспубліканскім банкам Дзяржбанка СССР). Абавязковы продаж валютнай выручкі ў Беларусі дзейнічае з 1 кастрычніка 1993 года.

Беларускія эканамісты лічаць, што ў цяперашніх умовах вялікай патрэбы ў гэтых адміністрацыйных абмежаваннях няма і таму яны паступова могуць быць адмененыя, што і прадугледжваюць абавязацельствы Беларусі перад ЕФСР.

„Сітуацыя на валютным рынку спакойная, насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты, золатавалютныя рэзервы паступова павялічваюцца, і ў гэтай сітуацыі вялікай патрэбы ў адміністрацыйных рычагах рэгулявання рынку няма”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

У сувязі з гэтым эксперт выказаў меркаванне, што Беларусь выканае ўзятыя абавязацельствы перад ЕФСР па лібералізацыі валютнага рэгулявання.

Нагадаем, беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд долараў, які выдзяляецца ў 2016—2018 гадах сямю траншамі. На гэты час Беларусь атрымала чатыры траншы на 1,4 млрд долараў. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер эканамічнай палітыкі.

belapan.by