Улады Менска плануюць прыцягнуць да ўпарадкавання двароў 200 тыс. чалавек



Месячнік навядзення парадку пройдзе цягам красавіка, паведаміла намесніца гендырэктара па ўпарадкаванні жыллёвага фонду прадпрыемства «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Настасся Вараб’ёва.

– Плануецца прыцягнуць больш за 200 тысяч чалавек. Будзе праводзіцца ўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Каля 14 гектараў газонаў будзе адноўлена. Плануецца выканаць рамонт і афарбоўку больш чым 10 тысяч адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання і больш чым 18 тысяч малых архітэктурных формаў. Таксама выканаць рамонт 51 тысячы квадратных метраў дваровых праездаў і правесці пасадку зялёных насаджэнняў.

Чыноўнікі спадзяюцца, што пандэмія каронавіруса сціхне на момант запланаваных масавых акцый па ўпарадкаванні.

Алесь Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск