Улады плануюць адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі



У найбліжэйшыя два гады ў Беларусі плануюць прыняць рашэнні пра істотную змену правілаў рэгулявання ўнутранага валютнага рынку. Канкрэтныя захады ў гэтым кірунку прадугледжаныя комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады. Дакумент зацверджаны пастановай Савета міністраў № 18 ад 12 студзеня 2017 года, апублікаванай сёння на сайце ўрада.

даляры

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады была зацверджаная ўказам прэзідэнта 15 снежня 2016 года. Яна падрыхтаваная ўрадам на базе асноўных палажэнняў, ухваленых пятым Усебеларускім народным сходам, які адбыўся ў чэрвені мінулага года.

У прыватнасці мяркуецца адмяніць мэтавую куплю замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання на ўнутраным рынку. Акрамя таго, ужо ў 2017—2018 гадах Нацыянальны банк сумесна з Мінэканомікі, Мінфінам і Камітэтам дзяржкантролю павінны падрыхтаваць праект нарматыўнага акта аб поўнай адмене абавязковага продажу валютнай выручкі.

У жніўні 2016 года Нацбанк прыняў рашэнне аб зніжэнні з 1 верасня нарматыву абавязковага продажу замежнай валюты з 30 да 20%. Такім чынам, калі да жніўня прадпрыемствы павінны былі канверсаваць у беларускія рублі амаль траціну экспартнай выручкі, то з верасня 2016-га — толькі пятую частку.

„Гэтая мера дасць магчымасць актывізаваць інвестыцыйную і дзелавую актыўнасць суб’ектаў гаспадарання, стане дадатковым крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза і будзе спрыяць стварэнню роўных умоў для эканамічных суб’ектаў дзяржаў ЕАЭС па развіцці іх экспартнага патэнцыялу”, — тлумачыў прынятае рашэнне Нацбанк.

Паводле інфармацыі БелаПАН, праект стратэгіі развіцця фінансавага рынку, якую да канца 2016 года планаваў прыняць Нацыянальны банк, прадугледжвае паэтапнае зніжэнне ў 2016—2020 гадах нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі. Гэтую стратэгію беларускія ўлады збіраюцца прыняць у першым квартале 2017 года.

На думку ўдзельнікаў фінансавага рынку, абавязковы продаж валюты з’яўляецца страховачным механізмам для дзяржавы, які дазваляе гарантаваць устойлівую прапанову замежнай валюты ў выпадку росту дэвальвацыйных чаканняў.

Раней Беларусь у межах Еўразійскага эканамічнага саюза ўзяла на сябе абавязацельствы адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі.

Як лічаць суразмоўцы БелаПАН у банкаўскіх колах, на валютным рынку і ў плацежным балансе павінна складвацца спрыяльная сітуацыя, каб дзяржава магла цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі.

belapan.by