У Беларусі плануюць пабудаваць яшчэ адну АЭС



“На тэрыторыі Беларусі ў будучыні можа быць пабудаваная большая колькасць атамных электрастанцый”, – пра гэта днямі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. “Мы лічым, што гэта не апошняя атамная станцыя на тэрыторыі Беларусі. Можа быць, я апярэджваю, але мы мяркуем, што будуць стварацца яшчэ атамныя станцыі, можа быць, у 2030 годзе”, – сказаў ён. Гэтую заяву нам пракаментаваў актывіст антыядзернай кампаніі з Варнянаў Мікалай Уласевіч:

– Нават гэтую станцыю, якую будуюць, цяжка сказаць “перажуюць” яны яе ці “праглынуць”? Таму што гэта, вобразна кажучы, як той камень, на шыі тапельца. Эканоміка рушыцца, на гэтай будаўнічай пляцоўцы такі бедлам існуе, фінансаванне недастатковае. Гаварыць сёння яшчэ пра нейкае будаўніцтва – гэта, напэўна, нейкі пробны шар запускае чалавек.

На пляцоўцы, дзе паўстае першая беларуская атамная станцыя, ужо здарыўся шэраг інцыдэнтаў, у тым ліку былі выпадкі гібелі людзей. Акрамя таго, пасля аднаго са здарэнняў давялося замяняць корпус для атамнага рэактара. Пасля таго, як медыі агучылі гэтыя выпадкі, інфармацыя пра будаўніцтва стала яшчэ больш закрытай – кажа Мікалай Уласевіч:

– Факты, якія сталі вядомыя грамадскасці, прывялі да таго, што там вельмі жорстка абвастрылі праблему з доступам да інфармацыі. У тым ліку забаронена простым будаўнікам праходзіць з тэлефонамі, на якіх ёсць відэакамеры. Вусна папярэджваюць пра тое, каб яны не распаўсюджвалі ніякай інфармацыі.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расеі пад Астраўцом у Гарадзенскай вобласці. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019, другога — на 2020 год.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота seogan.ru