Улады скажаюць сэнс свята 1 Мая
Улады Беларусі, абараняючы інтарэсы капіталу, усяляк перашкаджаюць самаарганізацыі працоўных і імкнуцца сказіць палітычны сэнс Першамая, ператварыўшы яго ў радавы дадатковы выхадны. Так гаворыцца ў заяве, якую прыняла 30 красавіка Беларуская партыя левых „Справядлівы свет”.
„Адначасова вядзецца шырокамаштабны наступ на правы і свабоды працоўнага народа, — адзначаецца ў заяве. — У гэтых мэтах прымаюцца ўсё новыя адыёзныя дэкрэты, законы і падзаконныя акты. У выніку Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў лічыць Беларусь адной з найгоршых краін для працоўных, а міжнародная арганізацыя працы адносіць нашу рэспубліку да ліку краін, якія сістэматычна парушаюць правы работнікаў”.
Партыя „Справядлівы свет” падкрэслівае, што „заўсёды выступае на баку працоўнага народа”, а таксама „выказвае салідарнасць з усімі, хто змагаецца за свае канстытуцыйныя правы і справядлівыя працоўныя адносіны”.
Беларускае Радыё Рацыя
