Уладзімір Сямашка: Беларусь мае падставы плаціць менш



Беларусь з 1 студзеня 2016 года мае падставы плаціць больш нізкую цану на газ, чым аб’яўляе „Газпрам Трансгаз Беларусь”. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка ў час адкрыцця Беларускага прамысловага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
„З 1 студзеня гэтага года мы маем усе падставы, каб нашы суб’екты гаспадарання мелі больш нізкую цану, чым нам прад’яўляе суб’ект гаспадарання Беларусі са статусам замежнага прадпрыемства „Газпрам Трансгаз Беларусь”, – сказаў Уладзімір Сямашка. Гаворачы аб абгрунтаванасці цаны на расейскі газ, віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што гэта пытанне ўзаемаадносін суб’ектаў гаспадарання. „Я не ведаю, чаму цяпер такі ажыятаж. Гэта адносіны нашых аблгазаў з ААТ „Газпрам Трансгаз Беларусь”. „Газпрам Трансгаз Беларусь” падаў у арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, лічачы, што аблгазы крыху недаплачваюць за той газ, які мы атрымліваем з 1 студзеня 2016 года. Але нашы галіновікі лічаць, што яны робяць абсалютна правільна і карэктна, таму што ў нас падпісана цэлая сістэма пагадненняў на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін”, – падкрэсліў Уладзімір Сямашка.
Размова ідзе аб пагадненні ад 2010 года аб парадку доступу да паслуг пэўных манаполій, пагадненні ад 2011 года аб парадку фарміравання цэн на прыродны газ у Беларусі і дагаворы ад 29 траўня 2014 года аб стварэнні ЕАЭС. „Там усё дакладна распісана – калі, што, якія цэны дзейнічаюць, якія падыходы да фарміравання гэтых цэн ёсць”, – канстатаваў віцэ-прэм’ер. Раней Уладзімір Сямашка выказаў меркаванне, што ёсць істотныя падставы для зніжэння цаны на расійскі газ у 2016 годзе. Гэта пытанне 26 лютага пракаменціраваў журналістам і міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык. „Ідзе сур’ёзная работа з расейскім бокам па гэтым пытанні”, – адзначыў міністр. Тое, што кансультацыі па скідцы на газ для Беларусі будуць прадоўжаны, у канцы лютага пацвердзіў журналістам кіраўнік Мінэнерга Расеі Аляксандр Новак.
[manual_related_posts]