Унутраныя інвестыцыі ў Беларусі працягваюць скарачацца



Інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі працягваюць зніжацца, сведчаць афіцыйныя статзвесткі. У студзені 2017 года аб`ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 938,2 млн рублёў і скараціўся на 9,7% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.

У тым ліку аб`ём будаўніча-мантажных работ (з улікам работ па мантажы абсталявання) склаў 544,9 млн рублёў і скараціўся на 10,8%. Затраты на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў у студзені гэтага года склалі 275,7 млн рублёў і знізіліся на 4,4% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.

Інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі скарачаюцца ўжо на працягу некалькіх гадоў — пачынаючы з 2014 года. У 2016-м інвестыцыі ў асноўны капітал у параўнанні з 2015-м знізіліся на 17,9% да 18,1 млрд рублёў.

Як сведчаць афіцыйныя статзвесткі, доля інвестыцый у адносінах да ВУП ў 2016 годзе апусцілася да мінімальнага (19,2%) з 2003 года ўзроўню.

У той жа час у зацверджанай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады ставілася задача забяспечваць долю інвестыцый у асноўны капітал „на ўзроўні эканамічнай бяспекі — не менш за 25% да ВУП”. Такім чынам, паказчык 2016 года аказаўся на 5,8 працэнтага пункта ніжэй за згаданы парог эканамічнай бяспекі.

На думку беларускіх эканамістаў, у 2017-м прыкметнага ажыўлення інвестыцыйнай актыўнасці ў краіне не адбудзецца. Эксперты канстатуюць, што асноўнымі з`яўляюцца тры крыніцы фінансавання ўнутраных інвестыцый — сродкі бюджэту, прадпрыемстваў і крэдыты банкаў.

„Улічваючы бюджэт на 2017 год, магчымасцяў у дзяржавы фандаваць інвестыцыйную актыўнасць больш не стане, здольнасць прадпрыемстваў ажыццяўляць інвестыцыі таксама вельмі абмежаваныя — мы бачым, што рэнтабельнасць больш за палову прадпрыемстваў, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, не перавышае 5%. У сваю чаргу банкі сёння не схільныя пашыраць крэдытаванне — ім бы справіцца з ростам праблемнай запазычанасці, а не актывы нарошчваць”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

belapan.by