Урад павялічвае долю дзяржавы ў дзесяці буйных прадпрыемствах



Урад павялічвае долю дзяржавы ў дзесяці буйных прамысловых прадпрыемствах, якія з’яўляюцца адкрытымі акцыянернымі таварыствамі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 301 ад 2 чэрвеня, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як гаворыцца ў дакуменце, доля Беларусі павялічваецца ў статутных фондах акцыянерных таварыстваў на суму дзяржаўнай падтрымкі, аказанай у 2020 годзе.

Так, ААТ „Беларускі цэментны завод” перадасць у дзяржаўную ўласнасць 2.142.371 акцыю намінальным коштам 5 рублёў на 10.711.854,3 рубля; ААТ „Гомельшкло” — 82.288.430 акцый наміналам 0,14 рубля на 11.520.380,07 рубля; ААТ „Гродзенскі шклозавод” — 222.906 акцый наміналам 0,99 рубля на 220.676,61 рубля; ААТ „Краснасельскбудматэрыялы” — 2.077.802.421 акцыю па 0,0029 рубля на 6.025.627,02 рубля; ААТ „Крычаўцэментнашыфер” — 1.592.929.374 акцыі па 0,02 рубля на 31.858.587,47 рубля.

ААТ „Гомельдрэў” паводле двух рашэнняў аб даванні дзярждапамогі пералічыць згодна з указам 21.803.820.600 акцый па 0,0001 рубля на 2.180.382,06 рубля і згодна з рашэннем урада — 12.701.649.900 акцый па тым жа намінале на 1.270.164,99 рубля.

ААТ „Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” перадасць 4.175.308.824 акцыі па 0,01 рубля на 41.753.088,24 рубля (паводле ўказа) і 57.197.296 акцый на 571.972,96 рубля (паводле пастановы).

Дзяржаўная доля ў статутным капітале ААТ „Івацэвічдрэў” павялічыцца на 15.192.983,53 рубля, або на 723.476 акцый па 21 рублі; ААТ „Мастоўдрэў” — на 3.329.894 рублі (1.513.588.182 акцыі па 0,0022 рубля); ААТ „Рэчыцадрэў” — на 1.967.606,06 рубля (9.369.553 акцыі па 0,21 рубля).

Раней апытаныя БелаПАН эксперты адзначалі, што ў беларускай эканоміцы назіраецца значная доля дзяржпрадпрыемстваў, у якіх гаспадарчая дзейнасць менш эфектыўная, чым у прыватных кампаній, і гэтую долю варта скарачаць. Тым не менш дзяржава працягвае аказваць буйную фінансавую падтрымку шэрагу дзяржпрадпрыемстваў, тым самым ставячы ў няроўныя ўмовы прыватныя і дзяржаўныя кампаніі.

belapan.by