Урад плануе перанесці тэрмін абавязковай сертыфікацыі бытавой тэхнікі



Тэрмін абавязковай сертыфікацыі бытавой тэхнікі і электронікі можа быць перанесены з 1 лютага на 1 верасня. Гэта прадугледжвае праект аб унясенні змяненняў у пастанову Савета міністраў № 849.

Нагадаем, пастанова ўрада № 849 была прынятая восенню 2016 года і меркавала, што на 1 лютага 2017 года практычна ўся бытавая тэхніка і электроніка, якая ўвозіцца ў Беларусь, павінна прайсці нацыянальную сертыфікацыю па беларускіх стандартах энергаэфектыўнасці. Дакумент выклікаў вельмі негатыўную рэакцыю ў бізнес-супольнасці, якое ўспрыняло гэта рашэнне як загараджальны бар’ер на шляху імпартнай бытавой тэхнікі і электронікі на беларускі рынак.

Прадстаўнікі кампаній, якія гандлююць тэхнікай міжнародных брэндаў, распавялі БелаПАН, што вытворцы пакуль займаюць чакальную пазіцыю, назіраючы за рэакцыяй беларускага ўрада, які яшчэ ў снежні падчас нарады з удзелам віцэ-прэм’ера Ўладзіміра Сямашкі абвясціў пра планы перанесці раней устаноўленыя тэрміны нацыянальнай сертыфікацыі бытавой тэхнікі і электронікі.

Праект пастановы ўрада, прадугледжвае, што тэрмін нацыянальнай сертыфікацыі шэрагу тавараў па патрабаваннях энергаэфектыўнасці будзе перанесены з 1 лютага на 1 верасня. У прыватнасці, дакумент прадугледжвае, што да гэтага тэрміну па беларускіх стандартах павінна быць сертыфікаваная кухонная тэхніка (мікрахвалевыя печы, тостары, кававаркі і да т.п.), камп’ютарная тэхніка (прынтары, сканеры, маніторы), а таксама іншая электроніка (відэакамеры, радыёпрыёмнікі і да т.п.).

Між тым прадстаўнікі бізнесу сёння заяўляюць, што прайсці сертыфікацыю па правілах, выкладзеных у праекце новай пастановы ўрада, таксама нерэальна.

Генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН, што праект пастановы ўрада ўтрымлівае спасылкі на стандарты тэхнічнай бяспекі (СТБ), якіх да гэтага часу няма ў свабодным доступе.

«Праект пастановы аб пераносе тэрмінаў сертыфікацыі спасылаецца на некалькі СТБ. Мы правялі каля двух дзён у пошуках і не змаглі іх знайсці ў адкрытым доступе. А як можна праводзіць сертыфікацыю пры адсутнасці стандарту па пытанні маркіроўкі на прадмет энергаэфектыўнасці? Сёння ўдзельнікам рынку незразумела, як і чым маркіраваць прадукцыю, якая падлягае абавязковай сертыфікацыі», — распавёў БелаПАН Ананьеў.

На яго думку, вялікага сэнсу ў арганізацыі нацыянальнай сертыфікацыі імпартнай тэхнікі і электронікі няма. „Многія замежныя вядомыя брэнды самі імкнуцца да пацвярджэння таго, што ў іх напісана на ўпакоўцы, і таму ў іх ужо даўно ёсць сертыфікаты, якія пацвярджаюць заяўленую якасць прадукцыі”, — канстатуе кіраўнік Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій.

На яго думку, у арганізацыі нацыянальнай сертыфікацыі тэхнікі па беларускіх стандартах энергаэфектыўнасці зацікаўленыя профільныя камерцыйныя арганізацыі.

„Для таго каб загрузіць заказамі камерцыйныя арганізацыі, якія зарабляюць грошы на правядзенні выпрабаванняў тэхнікі, што сертыфікуецца, могуць увесці не толькі гэтую, але прыдумаць якую-небудзь іншую сертыфікацыю”, — мяркуе Дзмітрый Ананьеў.

БелаПАН