Урад прапанаваў Лукашэнку павялічыць колькасць супрацоўнікаў Міністэрства па падатках і зборах
Аляксандру Лукашэнку на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў 22 ліпеня прапанавана павялічыць колькасны склад Міністэрства па падатках і збору „для поўнай лічбавізацыі ўліку, кантролю і выплаты падаткаў, удасканалення падатковага адміністравання”.
Адзін з праектаў указаў, які абмеркавалі ўдзельнікі нарады, скіраваны на карэктаванне заканадаўства аб холдынгах, паведамляе прэс-служба. У дакумент уключаныя палажэнні, што тычацца ўдасканалення прававога статусу холдынгаў, парадку іх стварэння і функцыянавання, асаблівасцей працы холдынгаў з удзелам дзяржавы.
На парадку дня нарады таксама прапановы ўрада аб рэгуляванні базавых формаў прадпрымальніцкай дзейнасці — індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Лукашэнка падкрэсліў, што неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць навядзення парадку ў гэтай сферы.
У знешнеэканамічнай дзейнасці Саўмін прапануе ўвесці пасады афіцыйных прадстаўнікоў міністэрстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання пры пасольстве ў Кітаі, а таксама аптымізаваць штатную колькасць замежных устаноў.
