Урад разлічвае на рост эканомікі за кошт „эфектыўных інвестыцый”



Урад плануе накіраваць сродкі на мадэрнізацыю дзейных вытворчасцей і за кошт эфектыўных інвестыцый забяспечыць эканамічны рост, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы 2 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.

„У аснове росту эканомікі ў наступнай пяцігодцы ляжаць эфектыўныя інвестыцыі, якія плануюцца на мадэрнізацыю дзейных вытворчасцей, там, дзе будзе забяспечаная акупнасць праектаў і стварэнне новых прадпрыемстваў з нуля”, — сказаў Галоўчанка (відэазапіс яго выступлення апублікавала прэс-служба ўрада).

Ён паведаміў, што даручыў Міністэрству эканомікі завяршыць працу над фармаваннем нацыянальнага інфраструктурнага плана да 2025 года.

„Эканоміка краіны востра мае патрэбу ў нарошчванні інвестыцый, павышэнні працэнту інвестыцый у валавым ўнутраным прадукце для таго, каб паспець забяспечыць устойлівы эканамічны рост”, — заявіў Галоўчанка.

Паводле яго слоў, для аднаўлення росту інвестыцый будуць стварацца „інстытуцыйныя ўмовы”.

„Трэба ўдасканаліць прававое поле для безбар’ернага і бяспечнага бізнес-асяроддзя, каб знізіць рызыкі і выдаткі для інвестараў, не толькі замежных, але і айчынных. Працягнем працу па дэкрыміналізацыі камерцыйных рызык. Неабходна забяспечыць права менеджараў, кіраўнікоў на прыняцце рашэнняў у межах разумнай дзелавой рызыкі”, — адзначыў Галоўчанка.

Пры гэтым прэм’ер-міністр заявіў, што ўрад выступае супраць забеспячэння росту эканомікі шляхам стымулявання валавых паказчыкаў.

„Сканцэнтраваўшыся выключна на эканамічных паказчыках росту, можна страціць галоўнае — можна страціць даходы і якасць жыцця насельніцтва. Эканоміка можа расці, але насельніцтва не будзе багацець, і гэты ўрок вельмі добра засвоілі нашы партнёры з Кітайскай Народнай Рэспублікі, калі пры высокіх тэмпах росту эканомікі назіраўся павольны рост узроўню жыцця насельніцтва, што фактычна было падставай для мадэрнізацыі інструментаў прагназавання”, — сказаў Галоўчанка.

У сувязі з гэтым ён паведаміў, што беларускі ўрад вывучае кітайскі вопыт: „Мы вельмі ўважліва вывучаем вопыт Кітая, які дамогся ашаламляльнага росту эканомікі пры адначасовым росце ўзроўню жыцця насельніцтва”.