Урад ухваліў пазыку Сусветнага банка на 40 мільёнаў даляраў



На гэтым тыдні ўрад ухваліў прыцягненне пазыкі ў Сусветнага банка, паведаміў журналістаў 1 снежня старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас.

У ходзе прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў рамках арганізаванага кампаніяй EY міжнароднага конкурсу „Прадпрымальнік года”, Румас паведаміў, што сродкі Сусветнага банка пойдуць на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу.

„На гэтым тыдні, у панядзелак, адбылося пасяджэнне валютна-крэдытнай камісіі пры Савеце міністраў і УКК прыняла станоўчае рашэнне аб прыцягненні пазыкі Рэспублікай Беларусь у Сусветнага банка, з якога фінансавая кампанента ў памеры 40 млн даляраў будзе прадастаўлена Банку развіцця для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу”, — расказаў Сяргей Румас, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Грошы, дадаў ён, Сусветны банк дае на камфортных умовах — на 15 гадоў па стаўцы 2,6% гадавых.

„Пры гэтым Сусветны банк супраць дырэктыўнага ўстанаўлення працэнтных ставак для канчатковых карыстальнікаў крэдытаў. Таму ў нас сёння няма адказу, па якой максімальна нізкай працэнтнай стаўцы грошы дойдуць да прадпрымальнікаў”, — растлумачыў Румас.

Ён таксама падкрэсліў, што Банк развіцця „не хоча шмат зарабляць на гэтай здзелцы”. „Наша задача ў тым, каб максімальна хутка асвоіць гэтыя сродкі і звярнуцца ў Сусветны банк для павелічэння гэтай крэдытнай лініі”, — адзначыў Сяргей Румас.

Банк развіцця, дадаў ён, са свайго боку зробіць усё, каб крэдытныя рэсурсы Сусветнага банка выдзяляліся малому і сярэдняму бізнесу на прывабных умовах.

„Думаю, мы знойдзем агульную мову з камерцыйнымі банкамі-партнёрамі для таго, каб прапановы па крэдытаванні малых і сярэдніх прадпрыемстваў за кошт гэтых сродкаў былі прывабнымі і выбарка сродкаў адбылася ў максімальна кароткі тэрмін”, — выказаў меркаванне Румас.

belapan.by