Урад устанавіў замову на пастаўку металалому для дзяржпатрэб



Урад устанавіў замову на пастаўку лому і адходаў чорных і каляровых металаў (металалому) для дзяржаўных (рэспубліканскіх) патрэб у 2017 годзе. Адпаведная пастанова Савета міністраў прынятая 9 снежня 2016 года № 1011.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, згодна з дакументам у 2017 годзе плануецца нарыхтаваць 1,29 млн тонаў лому і адходаў чорных металаў і 19,2 тыс. тон — каляровых. З іх Мінпрам абавязаны нарыхтаваць больш за 444,4 тыс. тон, Белкаапсаюз — 344,4 тыс., Мінтранс — 109,8 тыс., канцэрн „Белнафтахім” — 49,4 тыс., Мінэнерга — 38,8 тыс. і г. д.

Дзяржаўнае аб’яднанне „Белдругасмет” і арганізацыі, якія ўваходзяць у яго склад і ажыццяўляюць дзейнасць па нарыхтоўцы лому і адходаў чорных і каляровых металаў, вызначаныя дзяржаўнымі замоўцамі па пастаўцы (нарыхтоўцы, здачы) металалому для дзяржаўных патрэб.

Дзяржорганы ў двухтыднёвы тэрмін павінны давесці да адпаведных юрыдычных асоб, у якіх у працэсе гаспадарчай дзейнасці ўтвараецца металалом, дзяржаўную замову і забяспечыць кантроль за яе выкананнем, у тым ліку за заключэннем гэтымі юрыдычнымі асобамі дзяржаўных кантрактаў на пастаўку металалому.

Пастанова прынятая ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 5 мая 1995 года № 179 „Аб мерах па ўзмацненні барацьбы з крадзяжом каштоўных, чорных і каляровых металаў, іх лому і адходаў, каштоўных камянёў”.

belapan.by