Урад уводзіць разавыя ліцэнзіі на вываз з Беларусі цыбулі, капусты і яблыкаў



Урад Беларусі абмяжоўвае экспарт з Беларусі цыбулі, капусты белакачаннай і яблыкаў.

На іх вываз Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з аблвыканкамамі будзе выдаваць разавыя ліцэнзіі.

Гэтае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага, паведамляе прэс-сакратар прэм’ер-міністра Аляксандра Ісаева.

Вываз цыбулі, капусты белакачаннай і яблыкаў будзе ліцэнзавацца незалежна ад краіны іх паходжання. Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на міжнародную гуманітарную дапамогу і вываз у якасці харчоў. Таксама ліцэнзія не спатрэбіцца на транзітныя перавозкі, якія пачынаюцца і заканчваюцца за межамі мытнай тэрыторыі ЕАЭС, і калі тавар праязджае ў адну з дзяржаў-чальцоў ЕАЭС транзітам праз тэрыторыю Беларусі.  

Пастанова набывае моц са дня апублікавання і дзейнічае на працягу трох месяцаў.

Раней прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка тлумачыў, што рэгуляванне экспарту ўводзіцца, каб спекулянты не нажываліся на перапродажы беларускай агародніны, садавіны і іншых тавараў у Расею. Маўляў, там кошты на гэтую прадукцыю цяпер вышэйшыя.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]