Ураджай збожжавых спазняецца, але будзе лепшы за мінулагодні



Недахоп вільгаці ў глебе з-за бясснежнай зімы і сухога красавіка амаль аднавіўся дажджамі чэрвеня і ліпеня, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску намесніца кіраўніка «Белгідрамету» Святлана Кузьміч:

– Пасля халодной вясны ў першы летні месяц аграметэаралагічны стан заметна палепшыўся. Дажджы ў чэрвені і ў першай палове ліпеня значна павялічылі колькасць вільгаці ў глебе. Па апошніх назіраннях, у паўднёвай частцы, месцамі ў Цэнтральным рэгіёне ў азімых збожжавых культур і ў яравога ячмяня назіраецца васковая спеласць. Збожжавыя культуры для ўборкі ў гэтым годзе саспеюць некалькі пазней, чым у мінулым годзе. Але нашыя спецыялісты мяркуюць, што ўраджай збожжавых культур у гэтым годзе будзе больш істотным, чым летась.

Неблагія вынікі сёлета паказвае і лён. Толькі на ўраджайнасць кукурузы прагнозы ў сіноптыкаў скептычныя.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск