Усе крамы Bigzz і «Капілка» не працуюць. Кампанія пайшла на ліквідацыю



Крамы кампаніі «Баніар» Bigzz і «Капілка» больш не працуюць. Кампанія пайшла на ліквідацыю.

Да закрыцця ў «Баніар» заставалася працаваць пяць крам Bigzz і дзве «Капілкі». Цяпер усе яны не працуюць. Перад закрыццём там зладзілі вялікія распродажы са зніжкамі 50%, піша TUT.BY.

Паводле даных сервіса kartoteka, з 26 лютага «Баніар» знаходзіцца ў ліквідацыі.

Датэлефанавацца да кампаніі не ўдалося: тэлефоны ўсіх крам і прыёмнай недаступныя. Супрацоўніца аддзела маркетынгу, у якой мы раней запытвалі каментары, больш не працуе ў «Баніар».

Ліквідатар цяпер прымае справы кампаніі, кажа, што юрыдычную асобу ліквідуюць па рашэнні ўласніка. Больш нічога ён пракаментаваць не змог.

Нагадаем, у лютым паліцы крам Bigzz апусцелі. Высветлілася, што да кампаніі ёсць прэтэнзіі ад пастаўшчыкоў, а на 16 лютага на сайце рэестра запазычанасцей па выканаўчых дакументах пры Мінюсце, дзе публікуецца інфармацыя аб спагнанні даўгоў праз органы прымусовага выканання, было шэсць вытворчасцей на сумы ад 4 тысяч рублёў да 131 тысячы рублёў. Цяпер гэтых шасці даўгоў няма.

Але да 3 сакавіка ў рэестры з’явілася 28 узбуджаных вытворчасцей у дачыненні да «Баніар» з агульнай сумай больш за 1 млн. рублёў па даўгах. Многія з іх пазначаныя як запазычанасці за тавары і паслугі.

Кампанія «Баніар» належыць Барысу, Аляўціне і Наталлі Лукомскім, а таксама кіпрскай юрыдычнай асобе GEPROCON LIMITED.

novychas.by