Вадзім Іосуб: Падвышэнне стаўкі рэфінансавання – палітычнае рашэнне
Старшы аналітык кампаніі “Альпары-Еўразія” Вадзім Іосуб пракаментаваў апошняе рашэнне Нацбанка.
Сёння Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне, што з 21 красавіка стаўка рэфінансавання павялічыцца на 0,75 пункты і складзе 8,5% гадавых.
З 1 ліпеня 2020 года стаўка рэфінансавання захоўвалася на рэкордна нізкім роўні – 7,75% гадавых.
Вадзім Іосуб: Стаўку рэфінансавання павінны былі падняць яшчэ раней. Ці прадказальна сённяшняе рашэнне Нацбанка? Вось гэта складанае пытанне, бо падняцце стаўкі – палітычнае рашэнне.
Думаю, што ў спрэчцы “падымаць альбо не падымаць стаўку” было пэўнае супрацьстаянне паміж Нацбанкам з аднаго боку і Саўмінам ды Адміністрацыяй прэзідэнта з іншага. Нацыянальнаму банку было відавочна, што ў сувязі з інфляцыяй, якая расце, стаўку рэфінансавання падымаць неабходна. А ўраду і дырэктарату вельмі не хацелася, каб падаражэлі крэдыты для неэфектыўных прадпрыемстваў, якія на ільготных умовах крэдытуюцца пад стаўку рэфінсавання.
Менавіта гэтае супрацьстаянне і было нагодай для таго, што стаўку не паднялі яшчэ напачатку года і таго, што зараз стаўку паднялі, але дастаткова сціпла.
РР: Ці працягнецца спрэчка па далейшым падвышэнні стаўкі?
Вадзім Іосуб: Безумоўна, працягнецца. Нацбанк у сваім прэс-рэлізе дапускае, што ў II квартале інфляцыя можа паскорыцца. У гэтай сітуацыі далейшае падвышэнне стаўкі было б зусім лагічным. Але што адбудзецца ў апаратным супрацьстаянні, прадказаць немагчыма.
РР: Калі б стаўка захавалася на ранейшым узроўні…
Вадзім Іосуб: Заніжаная стаўка рэфінансавання, якая неадэкватна інфляцыі, што вырасла, стымулявала б далейшы рост інфляцыі ці не садзейнічала б яе зніжэнню.
Але стаўку паднялі і гэта азначае, што стаўкі па крэдытах і дэпазітах вырастуць прапарцыйна стаўцы рэфінансавання. З аднаго боку крэдыты стануць больш дарагімі і менш людзей будзе крэдытавацца на спажывецкія патрэбы, а з іншага – больш прывабнымі будуць дэпазіты. І калі ў чалавека ёсць лішнія грошы, то можна будзе аднесці іх у ў банк. Суадносна, зніжаецца ціск на цэны, і гэта стане фактарам па замаруджванні росту цэнаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
