Вадзім Іосуб: Сітуацыя на валютным рынку дзіўная і нявызначаная



“Сітуацыя на валютным рынку застаецца нявызначанай”, – адзначае аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб.

 РР: Якой вам бачыцца зараз сітуацыя на валютным рынку Беларусі? Ці ёсць нейкія прыкметы стабілізацыі?

 Вадзім Іосуб: Сітуацыя на валютным рынку дзіўная і нявызначаная. Па сутнасці ён распаўся на два амаль незалежныя і амаль не звязаныя адзін з адным сектары. Першы сектар – гэта біржавы рынак безнаяўнай валюты, дзе яе купляюць і прадаюць юрыдычныя асобы. Там, здаецца, усё нармальна. Мы бачым, што ў апошнія дні курсы змяняюцца то ў бок роста, то ў бок зніжэння рубля – у залежнасці ад таго, якія попыт і прапанова. Адным словам, вядуць сябе натуральным рыначным метадам, і бягучую сітуацыю на валютным рынку можна лічыць раўнаважнай. А вось рынак наяўнай валюты да гэтага часу ліхаманіць.

 РР: З чым гэта звязана? Да гэтага часу далёка не ў кожным абменніку можна купіць валюту па бягучым курсе.

 Вадзім Іосуб: Гэта кажа аб тым, што ў сектары наяўнай валюты раўнавага пакуль не дасягнута. А існаванне рэкамендацыі прадаваць у абменніках валюту у межах плюс-мінус 2 працэнты ад курса Нацбанка прыводзіць да таго, што пры высокай зменлівасці афіцыйных курсаў банкі баяцца купляць валюту на біржы для таго, каб далей прадаваць яе у пунктах абмену. Хачу адзначыць, што размова ідзе не аб нейкай забароне банкам купляць валюту на біржы. Проста рызыкоўна гэта рабіць. Сёння банкі прададуць валюту насельніцтву, а заўтра будзе рэзкі скачок курса, і ім прыйдзецца купляць валюту даражэй, чым учора яе прадалі. Таму зараз і даюць на абмен мінімальную колькасць валюты. Атрымоўваецца, што на розных сегментах рынка – розная сітуацыя. І гэта не вельмі добра, таму напружанасць на валютным рынку захоўваецца.

 РР: Колькі такая нявызначанасць можа працягнуцца?

 Вадзім Іосуб: Цяжка сказаць. Хуткім рашэннем магла б быць адмена рэкамендацый Нацбанка трымаць калідор плюс-мінус 2 працэнты ад афіцыйнага курса ў абменніках, але, мяркуючы па заявах, Нацбанк у бліжэйшы час адмаўляцца ад гэтага не збіраецца.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]