Валавы знешні доўг Беларусі дасягнуў гістарычнага максімуму



Валавы знешні доўг Беларусі за 2020 год вырас на 1 млрд 426,4 млн даляраў, або на 3,5%, і дасягнуў 42 млрд 149,1 млн даляраў ЗША, што з’яўляецца гістарычным максімумам, сведчыць статыстычная справаздача Нацыянальнага банка.

На 1 студзеня 2021 года валавы знешні доўг краіны дасягнуў 70,2% ад ВУП.

У структуры валавога знешняга доўгу на пачатак 2021 года на долю доўгу сектара дзяржаўнага кіравання прыпадала 18 млрд 586 млн даляраў, Нацыянальнага банка — 821 млн, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый — 5 млрд 108 млн, іншых сектараў эканомікі — 15 млрд 379 млн. Запазычанасць кампаній перад прамымі інвестарамі (міжфірмовае крэдытаванне) склала 2 млрд 255 млн даляраў.

У 2020 годзе Беларусь накіравала на абслугоўванне валавога знешняга доўгу 6 млрд 579,3 млн даляраў, што на 207,5 млн даляраў, або на 3,3%, больш, чым у 2019 годзе. Пратэрмінаваная запазычанасць па абавязацельствах па знешнім доўгу на 1 студзеня 2021 года склала 611,1 млн даляраў.

У разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг вырас за мінулы год на 156,5 долара і на 1 студзеня 2021 года склаў 4 тыс. 485 даляраў супраць 4 тыс. 328,5 даляра на пачатак 2020-га.

Валавы знешні доўг уяўляе сабой нявыплачаную суму абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і/або працэнтаў дэбіторам і ўяўляе сабой абавязацельствы рэзідэнтаў Беларусі перад нерэзідэнтамі.

У адрозненне ад знешняга дзяржаўнага доўгу, які ўключае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае фінансавыя абавязацельствы перад нерэзідэнтамі ўсіх рэзідэнтаў Беларусі, якія падзеленыя на чатыры асноўныя сектары эканомікі: органы дзяржаўнага кіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка), іншыя сектары (іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы).

belapan.by