Валавы знешні доўг Беларусі перавысіў 40 млрд долараў ЗША



Валавы знешні доўг Беларусі за 2019 год перавысіў 40 млрд долараў ЗША і амаль дасягнуў гістарычнага максімуму, сведчыць статыстычная справаздача Нацыянальнага банка.

Так, валавы знешні доўг павялічыўся на 1 млрд 461,5 млн долараў ЗША, або на 3,72%, і дасягнуў 40 млрд 750,3 млн долараў. Вышэйшы памер сукупнага знешняга доўгу краіны быў толькі ў ліпені 2014 года, калі ён дасягаў 40,8 млрд долараў ЗША.

У структуры валавога знешняга доўгу на пачатак 2020 года на долю доўгу сектара дзяржкіравання прыпадала 17 млрд 148 млн долараў, Нацыянальнага банка — 996 млн, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый — 5 млрд 17 млн, іншых сектараў эканомікі — 15 млрд 236 млн. Запазычанасць кампаній перад прамымі інвестарамі (міжфірменнае крэдытаванне) склала 2 млрд 351 млн долараў.

У разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг вырас за мінулы год на 183 долары ЗША і на 1 студзеня 2020 года склаў 4 тыс. 329 долараў супраць 4 тыс. 146 долараў на пачатак 2019 года.

Валавы знешні доўг Беларусі на 1 студзеня 2019 года складаў 39 млрд 288,8 млн долараў, скараціўшыся за 2018 год на 545 млн долараў, або на 1,4%.

Валавы знешні доўг уяўляе сабой нявыплачаную суму абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і/або працэнтаў дэбіторам і ўяўляе сабой абавязацельствы рэзідэнтаў Беларусі перад нерэзідэнтамі.

У адрозненне ад знешняга дзяржаўнага доўгу, які ўключае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае фінансавыя абавязацельствы перад нерэзідэнтамі ўсіх рэзідэнтаў Беларусі, якія падзеленыя на чатыры асноўныя сектары эканомікі: органы дзяржаўнага кіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка), іншыя сектары (іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы).

belapan.by